КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКІЯ ТАВАРЫСТВЫ Г. ВІЦЕБСКА (1905–1917 ГГ.)



 

Сяркоў А.В.,

аспірант БДУ, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Навуковы кіраўнік – Каханоўскі А.Г., канд. гіст. навук, дацэнт.

 

Лібералізайныя рэформы, якія адбыліся ў Расіі напрацягу 1905–1906 гг. далі магчымасць да ўзнікнення ў імперыі вялікай колькасці прыватных таварыстваў, у тым ліку культурна-асветніцкіх. У перыяд 1905–1917 гг. Віцебск быў адным з галоўных гарадоў Беларусі, дзе канцэнтравалася грамадскае культурнае жыццё. Тэарэтычную аснову артыкула складае комплекснае выкарыстанне метадаў даследвання, выпрацаваных сучаснай гістарычнай навукай. Праца пабудавана на прынцыпах гістарызму, аб'ектыўнасці, у спалучэнні з каштоўнасным падыходам да падзей мінулага.

Яшчэ ў 1901–1902 гг. у Віцебску ўзнікла Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Да 1905 г. яго дзейнасць, якая, у асноўным, зводзілася да правядзення канцэртаў і літаратурных чытанняў, пачала згортвацца [1, арк. 187]. Аднак працэс масавай легалізацыі прыватных таварыстваў, які распачаўся ў 1906 г. разам з выданнем у імперыі першага закона аб грамадскіх аб’яднаннях – Часовых правілаў аб таварыствах і саюзах, выклікаў з’яўленне ў Віцебску цэлага шэрага новых таварыстваў культурна-асветніцкага профіля.

Аднымі з першых перавагамі новага заканадаўства скарысталіся прадстаўнікі віцебскіх гарадскіх элітаў. У кастрычніку 1906 г. намаганнямі калежскіх саветнікаў П.Г. Допельмаера, Г.І. Гітца, надворных саветнікаў А.І. Бабста, І.Ю. Сабіна-Гуса і інш. быў зарэгістраваны Віцебскі музычна-драматычны гурток [2, арк. 6 аб.]. Традыцыйнымі сталі драматычныя пастаноўкі і музычныя вечары на якіх граў аркестр, складзены з членаў гуртка. У 1907 г. у яго членах значылася 143 асобы [3, с. 1].

Група урачоў, сярод якіх быў віцебскі губернскі ўрачэбны інспектар, доктар медыцыны, стацкі саветнік Тутурын, у лістападзе 1911 г. зарэгістравала Віцебскае таварыства эсперантыстаў [4, арк. 14]. Таварыства ставіла за мэту аб’яднаць усіх жыхароў Віцебска і губерні, што жадаюць займацца вывучэннем мовы эсперанта [5, с. 1].

У студзені 1912 г. у Віцебску распачало дзейнасць таварыства «Адукацыя» [6, арк. 4]. Арганізацыя арыентавалася на мэту «дасягнення яго членамі ўсебаковай адукацыі і духоўнага развіцця». Рэалізаваць яе планавалася правядзеннем лекцый, экскурсій, спектакляў, адкрыццём школаў і інш. [7, с. 1]. У перспектыве таварыства планавалася ператварыць у т.зв. «народны ўніверсітэт». Арганізацыя імкліва расла і ўжо за першыя 9 месяцаў свайго існавання мела 1268 членаў [6, арк. 54]. У склад членаў актыўна запісваліся дзеячы левых партый, што дало повад мясцовым уладам закрыць таварыства ў верасні 1913 г. [8, арк. 22].

Значны сегмент грамадскай актыўнасці стваралі таварыствы арыентаваныя на яўрэйскую нацыянальную прысутнасць. У чэрвені 1907 г. было зарэгістравана Таварыства для вывучэння яўрэйскай гісторыі і літаратуры [9, арк. 14]. Яго заснавальнікі планавалі праводзіць курсы і чытанні, заснаваць бібліятэку [9, арк. 28]. Аднак таварыства не праяўляла актыўнасці і ўжо ў 1911 г., у сувязі са спыненнем дзейнасці, было закрыта [9, арк. 40].

З падобнымі мэтамі ў красавіку 1912 г. было створана Віцебскае яўрэйскае літаратурна-музычнае таварыства [10, арк. 22]. І ў ліпені 1913 г. – Таварыства аматараў старажытна-яўрэйскай мовы «Іўрыя» [11, арк. 4]. Заснавальнікі гэтых аб’яднанняў паходзілі з вышэйшых пластоў яўрэйскага насельніцтва Віцебска.

Такім чынам, культурнае грамадскае жыццё г. Віцебска, у перыяд 1905–1917 гг., адрознівалася наяўнасцю шэрага профільных таварыстваў, арыентаваных на вызначаныя пласты гарадскога насельніцтва. Нелегальныя палітычныя партыі імкнуліся выкарыстоўваць дзейнасць адзначаных таварыстваў з мэтай папулярызацыі ўласных ідэй, што часта прыводзіла да канфрантацыі з мясцовымі ўладамі і закрыццю асобных культурна-асветніцкіх ініцыятыў.

 

Літаратура:

1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 1416. – Воп. 6. – Спр. 794.

2. НГАБ. – Фонд 2649. – Воп. 1. – Спр. 74.

3. Отчёт о деятельности Витебского Музыкально-драматического кружка за 1906–1907 г. – Витебск: Типо-лит. П.А. Подземского, 1907 г. – 11 с.

4. НГАБ. – Фонд 2649. – Воп. 1. – Спр. 343.

5. Устав Витебского общества эсперантистов. – Витебск: Губ. тип., 1911. – 10 с.

6. НГАБ. – Фонд 2649. – Воп. 1. – Спр. 420.

7. Устав Общества «Образование» в г. Витебске. – Витебск: Типо-лит. Э.М. Офин, 1913. – 8 с.

8. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі (ДАРФ). – Фонд 102. 4 Д-во. 1913. – Спр. 10 ч. 9.

9. НГАБ. – Фонд 2649. – Воп. 1. – Спр. 129.

10. НГАБ. – Фонд 2649. – Воп. 1. – Спр. 434.

11. НГАБ. – Фонд 2649. – Воп. 1. – Спр. 494.


Дата добавления: 2018-02-18; просмотров: 619; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!