І першы падзел Рэчы Паспалітай



 

Нельга сказаць, што бязладдзе і анархія заставаліся па-за ўвагай палітычных сіл грамадства. Разам з тым толькі ў другой палове ХVIII ст., калі краіна апынулася ў стане поўнай анархіі і пагроза самому існаванню дзяржаўнасці стала рэальнасцю, у Рэчы Паспалітай разгарэлася барацьба за рэфармаванне грамадска-палітычнага ладу. Гэта была барацьба прыхільнікаў умацавання аўтарытэту цэнтральнай улады супраць прыхільнікаў анархіі, “залатой шляхецкай вольнасці”. Пры гэтым першыя і другія, не спадзеючыся на ўласныя сілы, звярталіся да суседніх дзяржаў за дапамогай. У выніку апошнія атрымалі шырокія магчымасці ўмешвацца ў вырашэнне “хатніх спраў” (паводле вызначэння У. Ігнатоўскага) Рэчы Паспалітай.

Пачатак рэальных рэформ адносіцца да дзейнасці сойма ў 1764 – 1765гг., калі групоўкамі Чартарыйскіх – прыхільнікамі рэформ дзяржаўнага ладу, было праведзена праз канвак а цыйны сойм шэраг пастаноў адносна парадку дзейнасці сойма. Было абмежавана ўжыванне права “ліберум вета”. З мэтай паляпшэння спраў у фінансавай гаспадарцы ў якасці часовых органаў кіравання былі створаны дзве камісіі па фінансавых пытаннях: адна – для Польшчы, другая – для ВКЛ. Праз сойм былі праведзены і пастановы на ўладкаванне судовых і вайсковых органаў, якія падвергліся значнай рэарганізацыі. Пры гэтым сойм аднавіў самакіраванне ў каралеўскіх гаспадарках і замяніў гандлёвыя зборы, якія збіралі магнаты, генеральнай пошлінай. Гэтыя захады, хаця і не закраналі асноў палітычнага ладу дзяржавы, знайшлі як прыхільнікаў (у прыватнасці, з ліку магнатаў і шляхты, якія прыстасоўвалі сваю гаспадарку да ўмоў таварна-грашовых адносін), так і незадаволеных з боку найбольш рэакцыйнай часткі феадалаў, а таксама ўладаў Расіі і Прусіі. Дарэчы, Пецярбург запатрабаваў рашэння так званага дысідэн ц кага пытання.

Тым не менш на элекцыйным сойме 1764 г. польскім каралём быў аб-раны, не без дапамогі Расіі, прадстаўнік групоўкі Чартарыйскіх Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Гэта дазволіла Чартарыйскім і іх прыхільнікам па-доўжыць рэформы. Было ліквідавана права “ліберум вета”, створана “канферэнцыя караля з міністрамі” – прататып кабінета міністраў, які ажыццяўляў выканаўчую ўладу, зроблены захады па ўпарадкаванні фінансавай сістэмы дзяржавы, скасаваны ўнутраныя мытні, уведзены генеральны мытны тарыф. Чарговыя рэформы меркавалася вызначыць на сойме ў 1766 г. Аднак іх змест не задавальняў Расію і Прусію. Не жадаючы ўзмацнення Рэчы Паспалітай, яны выступілі з пратэстам супраць асобных пунктаў праграмы рэформ. Тым больш што яшчэ вясной 1764 г. гэтыя саюзнікі па сакрэтнай дамоўленасці пацвердзілі ранейшае абавязацельства ўсімі сродкамі перашкаджаць (нават сілай зброі) рэфарміраванню існуючага парадку ў Рэчы Паспалітай, захоўваць там шляхецкую канстытуцыю, вольныя выбары караля і “ліберум вета”.

Падставай ці зачэпкай для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай стала праблема пытання дысідэнтаў (праваслаўных, пратэстантаў і кальвіністаў), у тозе абаронцаў якіх Расія, Прусія і Аўстрыя выступалі згодна з ранейшымі пагадненнямі (у прыватнасці, дагавор 1686 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай). Справа ў тым, што з абраннем на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага палітыка ўлад да іншаверцаў не змянілася. Згодна з пастановай сойма 1764 г., пакаранню смерцю падлягаў кожны, хто пяройдзе з каталіцтва ў іншае веравызнанне. Пастановай сойма 1766 г., праведзенай прыхільнікамі Прусіі і Аўстрыі, ворагам абвяшчаўся той, хто асмельваўся сказаць слова на карысць іншаверцаў. Спробы рускага ўрада па заканчэнні сойма дамовіцца з Чартарыйскімі вырашыць “дысідэнцкае пытанне” і заключыць абаронча-наступальны саюз з Расіяй не знайшлі ўзаемапаразумення. І не без падстаў. Як паказаў ход падзей, суседзяў хвалявала не столькі вырашэнне пытанняў іншаверцаў у Рэчы Паспалітай, колькі магчымасць павялічыць свае тэрыторыі за кошт аслабелай унутранымі сваркамі польска-літоўскай дзяржавы (Гісторыя Беларусі . Ч. 1. С. 565).

Адмова правячых колаў Рэчы Паспалітай хутка ўраўняць дысідэнтаў (некатолікаў) у правах дазволіла апазіцыі пры падтрымцы Расіі і Прусіі наладзіць супрацьстаянне ў грамадстве з мэтай дасягнення роўнасці канфесій. У 1767 г. пры дапамозе Расіі і Прусіі ў Слуцку была абвешчана праваслаўная, а ў Торуні – пратэстанцкая канфедэрацыі. Адначасова была створана канфедэрацыя каталіцкай шляхты ў Радаме, схільнай да саюзу з Расіяй. Яна звярнулася да Кацярыны ІІ з просьбай паспрыяць адмене курсу рэформ і вяртанню да старых парадкаў. Кацярына ІІ не прымусіла сябе доўга чакаць: канфедэрацыі былі ўзяты пад яе апеку.

Пад ціскам Расіі ў 1768 г. сойм задаволіў памкненні дысідэнтаў ва ўраўнаванні іх грамадзянскіх правоў з католікамі (першым нават дазвалялася браць шлюб з католікамі), а таксама адмяніў амаль усе праведзеныя на сойме ў 1764 – 1765 гг. рэформы. Хаця пры гэтым у прынятым законе “Кардынальныя правы” ўтрымліваліся нормы, якія пазбаўлялі ўласнікаў маёнткаў права прыгаворваць залежных сялян да пакарання смерцю, устанаўлівалі крымінальную адказнасць шляхціца за забойства простага чалавека і на тэрыторыі Польшчы (ў межах ВКЛ гэта норма права была ўстаноўлена Статутам 1588 г.). Гарантам захавання правоў дысідэнтаў і нязменнасці дзяржаўнага ладу “Кардынальныя правы” прызнавалі расійскі ўрад. Так упершыню, як адзначыла С. Сяльверстава (Гісторыя Беларусі. Ч. 1. С. 566), дэ-юрэ ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай былі пастаўлены ў залежнаць ад пазіцыі Расіі. На думку У. Ігнатоўскага, такім чынам Расія атрымала як-бы пратэктарат над Польшчай (Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С. 160).

Гэта прывяло да ўтварэння ў г. Бары (паўднёва-заходняя Украіна) у 1768 г. канфедэрацыі, якая пачала ўзброеную барацьбу як за правы каталіцтва, так і супраць імкнення Кацярыны ІІ абмежаваць незалежнасць сойма. Пры гэтым канфедэратаў падтрымала Турцыя, якая як іх саюзнік восенню 1768 г. пачала вайну з Расіяй. У той жа час моцна паўплываў на ход падзей значны размах і адносна высокі ўзровень арганізацыі сялянскіх выступленняў супраць магнатаў і шляхты. У 1768 – 1769 гг. на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Літвы антыфеадальны рух спалучаўся з барацьбой працоўных мас супраць нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Тым не менш уведзеныя на тэрыторыю Рэчы Паспалітай рускія ваенныя сілы сумесна з войскамі Станіслава Аўгуста разграмілі канфедэратаў і антыфеадальны рух сялянства. Аўстрыя, са свайго боку, выкарыстоўваючы напружаную сітуацыю ў Рэчы Паспалітай і занятасць Расіі вайной з Турцыяй, у 1770 г. прыступіла да захопу мяжуючых з ёю абласцей. Гэта выклікала незадаволенасць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і прускага караля Фрыдрыха ІІ.

Па сутнасці, кансерватыўная дзейнасць барскіх канфедэратаў з'явілася фактычнай прычынай пераходу дзяржаў-суседзяў да рэалізацыі даўняга намеру – пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутранымі сваркамі Рэчы Паспалітай. Дарэчы, праект частковага падзелу гэтай дзяржавы Расія разглядала яшчэ ў 1763 г., Аўстрыя – у 1768-ым, а Прусія – у 1769-ым. З 1770г. Прусія і Расія рыхтавалі праект падзелу Рэчы Паспалітай у сакрэце ад Аўстрыі, якая ў пачатку 1772 г. далучылася да яго. Прычым Аўстрыя – “апякун” барскай канфедэрацыі, – першая краіна, якая явачным парадкам прыступіла да ліквідацыі дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай. Згода Расіі на падтрымку прапановы Прусіі па змене тэрыторыі Рэчы Паспалітай стала неад'емнай умовай падзелаў, таму царызм таксама нясе адказнасць за тое, што адбылося.

5 жніўня (25 ліпеня) 1772 г. у Санкт-Пецярбургу была падпісана канвенцыя, у якой акрэсліваліся ўмовы і межы частковага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Канвенцыя ўключала тры часткі або двухбаковыя акты: паміж Аўстрыяй і Расіяй, Расіяй і Прусіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Падзел тлумачыўся неабходнасцю аднаўлення “спакою і парадку ва ўнутраных справах рэспублікі” дзеля таго, каб суседзі Рэчы Паспалітай змаглі задаволіць свае патрабаванні “столь же древние, как и законные” (гл.: История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000. С. 110 –111; История Польши: В 3-х т. М., 1951. Т. 1. С. 322). Гэтыя тлумачэнні былі падмацаваны пералікам “старажытных правоў і законных прэтэнзій” суседніх дзяржаў на анексіраваныя землі. На самай справе галоўнай прычынай падзелу, як сведчаць уніклівыя даследчыкі, было жаданне больш моцных суседзяў Рэчы Паспалітай перапыніць палітыку рэформ і, выкарыстоўваючы момант, пашырыць тэрыторыі сваіх дзяржаў за кошт чужой зямлі.

Адпаведна з актам канвенцыі Прусія захапіла паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – паўднёвую частку Польшчы і Галіцыю. Да Расіі адышлі землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага і Віцебскага ваяводстваў, Мсціслаўскае ваяводства і Рагачоўскі павет Мінскага ваяводства. Акупіраваная Расіяй тэрыторыя склала 93 тыс. кв. км з насельніцтвам 1300 тыс. чалавек. Войскі трох дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. Выбраная на Варшаўскім сойме дэлегацыя 21 жніўня 1773 г. падпісала дагавор з Аўстрыяй, 1 верасня – з Расіяй, а 18 верасня – з Прусіяй, паводле якіх Рэч Паспалітая “добраахвотна” ўступіла анексіраваныя землі і “навечна” адраклася ад усіх прэтэнзій на іх. 28 верасня 1773 г. сойм аднагалосна ўхваліў падзел краіны, зацвердзіў умовы ўдзельнікаў падзелу. 18 (29) верасня паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай быў падпісаны трактат “пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне ад Польшчы да Расіі некаторых зямель”. У акце ад 15 (26) сакавіка 1775 г. Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. 11 красавіка 1775 г. гэты акт, як і дагавор пра падзел, атрымаў фармальную санкцыю сойма ў Варшаве (Філатава А. Першы падзел Рэчы Паспалітай // Энцыкла-педыі гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 483; Анішчанка Я. Сойм 1773 – 1775 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 382).

Другі і трэці падзелы

 

Пасля першага падзелу становішча ў Рэчы Паспалітай змянілася нязначна. Саперніцтва магнацкіх груповак за ўладу працягвалася. У 80-ыя гг. ХVIIІ ст. прагрэсіўная частка шляхты і буржуазіі ўтварыла палітычны блок, вядомы ў навуковай літаратуры як “патрыятычная партыя” шляхецка-буржуазнага блока, з мэтай актывізацыі рэфармавання дзяржаўнага ладу. Сярод яго прадстаўнікоў былі С. Сташыц, Г. Калантай, Ф. Язерскі і інш. Шляхецкім рэфарматарам супрацьстаяла старашляхецкая партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы магнацка-клерыкальнай рэакцыі. Яе прыхільнікі рабілі максімум магчымага для захавання старых феадальных адносін, шляхецкіх прывілеяў, існуючага палітычнага ладу. Прычым і гэтыя палітычныя сілы імкнуліся атрымаць падтрымку ў замежных дзяржаў.

Пагроза знешняй бяспекі і паглыбленне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння паскорылі рэфарматарскую дзейнасць. Значная частка рашэнняў сойма 1773 – 1775 гг., які вымушана ўзаконіў Пецярбургскую канвенцыю (як і наступных соймаў), была накіравана на паляпшэнне апарату кіравання і прыстасаванне грамадскага ладу да новых патрэб краіны пад чужаземнай апекай. Так, пад уплывам Кацярыны ІІ ў 1775г. была створана Пастаянная Рада (як выканаўча-распарадчы орган) для ажыццяўлення функцый цэнтральнага ўрада паміж соймамі. На справе, аднак, Рада, будучы падкантрольнай невялікай групе магнатаў і рускаму паслу, аказалася няздольнай вырашаць надзённыя дзяржаўныя справы. Фактычна Рэч Паспалітая заставалася дзяржавай без урада. У 1789 г. “рада здрады”, як яе называлі сучаснікі, была распушчана.

Соймам 1773 – 1775 гг. была створана Адукацыйная камісія, якая займалася пытаннямі арганізацыі і развіцця асветы. Варта ўзгадаць і аб прынятым соймам шэрагу заканадаўчых актаў па пытаннях гандлю, прамысловасці, прававога становішча мяшчан і шляхты. Разам з тым, кажучы словамі Я. Анішчанкі, прынятыя соймам захады па дзяржаўнаму ўладкаванню канчаткова аформілі сістэму пратэктарату Расіі над унутраным ладам і знешнімі сувязямі Рэчы Паспалітай (Анішчанка Я. Сойм 1773 – 1775 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 383).

Найбольш значнымі і вядомымі спробамі правядзення прагрэсіўных рэформ лічыцца чатырохгадовы сойм, які пачаў дзейнасць у 1788 г. Ён абвясціў сябе канфедэрацыяй, што паралізавала дзеянне прынцыпу “ліберум вета”, дазволіла прымаць рашэнні простай большасцю галасоў (у 1790 г.). Напярэдадні заканчэння паўнамоцтваў дэпутатаў патрыёты дабіліся працягу сваёй работы яшчэ на два гады і правядзення дадатковых выбараў у сойм. Апошняе істотна пашырыла кола прыхільнікаў рэфарматараў (да 181 супраць 69). Гэта спрыяла правядзенню імі некалькі наспелых рэформ, накіраваных на ўмацаванне ўлады, хаця і палавінчатых. У 1790 г. сойм прыняў закон аб непадзельнасці і неадчужальнасці тэрыторыі дзяржавы і ўвёў пакаранне за хабар і дзеянні на карысць замежных дзяржаў (Анішчанка Я. Другі падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т. 3. С. 287).

У студзені 1791г. сойм прыняў новыя “Кардынальныя правы”. Імі абвяшчалася суверэннасць Рэчы Паспалітай. Любая чужаземная гарантыя захавання існуючага становішча прызнавалася “накіраванай супраць незалежнасці Рэчы Паспалітай”. Пры гэтым яна абвяшчалася недзялімай дзяржавай. Адначасова з наданнем каталіцкай рэлігіі дамінуючага становішча дэкларавалася свабода іншых хрысціянскіх веравызнанняў, свабода слова і друку (пры пэўных абмежаваннях). “Кардынальнымі правамі” Рэч Паспалітая аб'яўлялася прававой дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам.

Буржуазны характар рэформ праявіўся ў Законе аб сойміках ад 24 сакавіка 1791г. і Законе аб гарадах ад 21 сакавіка 1791г. Паводле першага закона беззямельная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў, што сведчыла аб адмове ад саслоўнага прынцыпу на карысць маёмаснага, характэрнага для буржуазнага выбарчага права. Згодна з другім законам “Гарады нашы каралеўскія свабодныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай” ствараліся спрыяльныя ўмовы для скасавання прывілеяванага становішча шляхты і пашырэння яе вольнасцей на мяшчан. Гэта дазволіла ўмацаваць палітычныя пазіцыі шляхецка-буржуазнага блока і працягнуць рэформы дзяржаўнага ладу. Пры гэтым за мяшчанамі ўсіх каралеўскіх гарадоў было прызнана права асабістай недатыкальнасці (на тэрыторыі ВКЛ шляхта ім карысталася паводле Статута 1588 г.); набываць зямельныя маёнткі; займаць ніжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах і судах, быць адвакатамі. Мяшчане атрымалі права быць абранымі ў сойм з правам дарадчага голасу, абіраць органы самакіравання, уводзіцца соймам у шляхецкі стан.

Актыўная заканадаўчая дзейнасць сойма значна змяніла канстытуцыйнае права краіны і стварыла спрыяльныя ўмовы для прыняцця прагрэсіўнай Канстытуцыі. 3 мая 1791 г. шляхецкім рэфарматарам удалося зацвердзіць новую Канстытуцыю – “Закон аб урадзе”. Хаця ў ёй адсутнічаў раздзел па дзяржаўнаму ўладкаванню, яна ўносіла пэўныя паляпшэнні ў палітычную сістэму шляхам ліквідацыі такіх паралізуючых законаў, як “ліберум вета” і ўтварэнне канфедэрацыйных соймаў. Несумненная прагрэсіўнасць Канстытуцыі выражалася ў рэгуляванні правоў і абавязкаў грамадзян, пад якімі разумеліся ўсе жыхары краіны. Істотнае значэнне мела ўзмацненне выканаўчай улады караля і стварэнне пры ім савета “Аховы законаў” – вышэйшага выканаўчага органа ўрада, – а таксама тое, што выбарнасць караля замянялася выбарнасцю дынастыі (раздз. VII). Быў абвешчаны прынцып падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую (разд. V). Вызначаны структура і паўнамоцтвы сойма (раздз. VI). Сойм (двухпалатны) пераўтвараўся ў дзейсны заканадаўчы і кантралюючы орган дзяржавы (гл.: Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. С. 158 – 166; История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000. С. 103108).

З увядзеннем спадчыннай манархіі і цэнтралізаванай выканаўчай улады саюзная дзяржава станавілася унітарнай. Гэта значыць, ліквідаваліся рэшткі дзяржаўнасці ВКЛ. Паводле назіранняў У. Ігнатоўскага, Канстытуцыя абвясціла поўнае зліццё Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы ў адзіны непадзельны арганізм. Існуе, аднак, думка, што новая Канстытуцыя “зафіксавала” зліццё Польшчы і Літвы (Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С. 162; Бардах Ю., Леснодарск ий Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. М., 1980. С. 293). Абвяшчалася неабходнасць збліжэння сацыяльна-палітычных правоў шляхты з мяшчанствам (як праз сваіх паслоў у сойме, так і набыццё зямлі па-за межамі гарадоў; раздз. ІІІ), асабістая свабода кожнаму, “хто толькі адной нагой ступіць на польскую зямлю” (раздз. ІV), што, як лічылі рэфарматары ў сойме, прыцягне з Расійскай імперыі сялян у запланаванае 100-тысячнае войска. Але ўсё гэта выклікала процідзеянне не толькі з боку суайчыннікаў – прыхільнікаў нязменнасці саслоўнага ладу Рэчы Паспалітай, але і з боку Расіі.

Разам з тым прагрэсіўнасць Канстытуцыі была абмежавана захаваннем практычна недатыкальнымі як усіх правоў і прывілеяў шляхты, так і прыгоннага гнёту, бяспраўя сялянства. Абмежаваная свабода веры пакідала за каталіцтвам пануючае становішча ў грамадстве (раздз. І).

У цэлым Канстытуцыя 3 мая была прагрэсіўным актам, бо ліквідавала анархію, стварала больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталістычных адносін. Яна стала вяршыняй таго грамадска-палітычнага ўздыму ў Рэчы Паспалітай, якім былі адзначаны апошнія дзесяцігоддзі ХVIII ст. Аднак Канстытуцыя выклікала незадаволенасць у старашляхецкай партыі і каталіцкай царквы. У выніку палажэнні яе не былі рэалізаваны.

Унутрыпалітычныя сутыкненні ў Рэчы Паспалітай развіваліся ў цеснай узаемасувязі з міжнароднымі адносінамі. Старашляхецкая партыя абапіралася на падтрымку Расіі, а шляхецкія рэфарматары і патрыятычная партыя – на падтрымку Прусіі. Дарэчы, прускі кароль Фрыдрых Вільгельм ІІ у дэкларацыі сойма выказаў жаданне бачыць Рэч Паспалітую незалежнай. Гэта, аднак, не пашкодзіла Прусіі весці справу да таго, каб выклікаць у Кацярыны ІІ незадаволенасць унутраным становішчам і знешняй палітыкай Рэчы Паспалітай. Па дасягненні гэтай мэты пруская дыпламатыя пакінула сваіх былых партнёраў і выказала гатоўнасць заключыць з Расіяй пагадненне з мэтай чарговага падзелу Рэчы Паспалітай. Адпаведныя захады Прусія распачала яшчэ ў 1789г. У пачатку 1792г. Расія паспела да рэалізацыі прапаноў прускага караля па новым раздзеле Рэчы Паспалітай. Гэтаму спрыяла як завяршэнне вайны Расіі з Турцыяй (1787 – 1791), так і паводзіны часткі польскай шляхты, якая ў супрацьстаянні прагрэсіўным палажэнням Канстытуцыі і дзеля сваёй перамогі звярнулася за дапамогай да Кацярыны ІІ.

Каб ліквідаваць Канстытуцыю, яны па дамоўленасці з Кацярынай ІІ у маі 1792 г. стварылі Таргавіцкую (м. ва Украіне) канфедэрацыю. Пры гэтым канфедэраты звярнуліся да Расіі за ваеннай дапамогай з мэтай аднаўлення перадсоймавай сістэмы кардынальных правоў, гарантам якіх царыца была паводле соймавых канстытуцый 1768 і 1775 гг. Рускія войскі не прымусілі сябе доўга чакаць. Яны забяспечылі перамогу таргавічан і прадвызначылі новае расчляненне дзяржавы. Прускія войскі са свайго боку (нібыта для спынення польскага бязладдзя) занялі заходнія правінцыі Польшчы.

З мэтай ажыццяўлення новага падзелу Рэчы Паспалітай ўрад Расійскай імперыі ў канцы 1792 – пачатку 1793 г. пачаў перамовы з урадамі Прусіі і Аўстрыі. 23 студзеня 1793 г. Расія і Прусія заключылі тайную Пецярбургскую канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і аб сумесных дзеяннях на выпадак узброенага супраціўлення анексіі тэрыторый Рэчы Паспалітай. 27 сакавіка 1793 г. яны абвясцілі акты аб акупацыі вызначаных доляў. У выніку Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі да лініі Друя – Пінск, а таксама Заходнюю Украіну і Падолію – усяго 280 тыс. кв. км з 3 млн жыхароў. Да Прусіі адышлі спрадвечныя польскія землі: Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск, і Торунь (гл.: История Польши. Т. 1. С. 341 – 342; Гісторыя Беларусі. Ч. 1. С. 571 – 572; История Беларуси в документах и материалах. С. 111 – 114).

Гродзенск і сойм 1793 г., які пачаў работу 17 чэрвеня, ратыфікаваў падзельныя трактаты з Расіяй і Прусіяй і 25 верасня 1793 г. саступіў анексіраваную частку ВКЛ “на вечныя часы” Расійскай імперыі. Сойм адмяніў Канстытуцыю 1791г. і прыняў новую. Яна цалкам адпавядала інтарэсам Расійскай імперыі. Аднак і гэта Канстытуцыя засталася на паперы, Рэч Паспалітая губляла сваю незалежнасць пад нарастаючым уплывам на яе ўнутраныя справы іншаземцаў.

Рэакцыйныя дзеянні таргавічан і захопніцкая палітыка замежных дзяржаў сутыкнуліся з вострай незадаволенасцю прагрэсіўных колаў шляхты і гараджан. Яе апагеям стала паўстанне пад кіраўніцтвам прадстаўніка беларускага шляхецкага роду Т. Касцюшкі ў 1794 г. Супраць рэшткаў Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. Падаўленне паўстання дазволіла ім захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай і канчаткова ліквідаваць яе дзяржаўнасць. Распачатыя летам 1794 г. перамовы аб падзеле яе цягнуліся амаль да лістапада 1795г. і завяршыліся дамоўленасцю аб канчатковым падзеле знясіленай дзяржавы. Адпаведныя дагаворы былі падпісаны: Расіяй з Аўстрыяй 23 снежня 1794 г. (3 студзеня 1795 г.), а Расіяй з Прусіяй – 24 кастрычніка 1795 г. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі ў Пецярбургу 13 (24) кастрычніка 1795 г. 24 лістапада 1795 г. гэтыя дзяржавы пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, ў тым ліку адносна даўгоў караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Апошні 25 лістапада падпісаў акт адрачэння ад трона. Канчаткова тэрытарыяльныя долі падзелу былі зацверджаны трохбаковай камісіяй 21 лістапада 1796г. (гл.: История Польши. Т. 1. С. 354; История Беларуси в документах и материалах. С. 115 – 116; Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1961. Т. 3. С. 72 – 74; Анішчанка Я. Трэці падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 2001. Т. 6. Кн. 1. С. 535). Пры гэтым да Расіі адышлі Літва, Курляндыя, заходнія раёны Беларусі і заходняя частка Валыні (120 тыс. кв. км, 11, 2 млн чалавек). Прусія і Аўстрыя захапілі карэнныя польскія землі (95 тыс. кв. км, 22,5 млн чалавек).

Рэч Паспалітая, якая існавала як дзяржава больш за 200 гадоў, перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Заняпаду і знікненню гэтай дзяржавы спрыялі шэраг прычын. Частка з іх была закладзена ў складаным і супярэчлівым характары ўзаемаадносін паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім княствам Літоўскім, другая – у слабых сувязях паміж рознымі рэгіёнамі дзяржавы, трэцяя – у неабмежаваных шляхецкіх вольнасцях, якія зрабілі караля выбарнай асобай з амаль дэкаратыўнымі функцыямі, чацвёртая – у рэзкіх сацыяльных канфліктах, пятая – у канфесійнай і этнічнай стракатасці. Нарэшце ўплыў знешняга фактару, зацікаўленасць замежных дзяржаў у падтрымцы супярэчнасцей паміж феадальнымі групоўкамі Рэчы Паспалітай з мэтай знішчэння палітычнага існавання краіны і паслядоўнага захопу яе зямель. Аслабленая ўнутранымі супярэчнасцямі Рэч Паспалітая і абедзве дзяржавы ў яе складзе ВКЛ і Польшча у выніку трох падзелаў спынілі сваё дзяржаўнае існаванне.

4. Прававая ацэнка падзелаў Рэчы Паспалітай

 

У заняпадзе Рэчы Паспалітай праглядаецца гістарычная заканамернасць спынення функцыянавання практычна замарожаных, нязменных дзяржаўных інстытутаў. Але нельга недаацэньваць праяў агрэсіўнай міжнароднай палітыкі манархій Расіі, Прусіі, Аўстрыі, якія, імкнучыся атрымаць землі Рэчы Паспалітай, рабілі ўсё магчымае для ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны, што не адпавядала прынцыпам міжнароднага права.

На сацыяльна-палітычны і эканамічны вектар развіцця Беларусі асноўны ўплыў аказала Расія. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі была далучана да Расійскай імперыі.

У літаратуры распаўсюджана думка, што нібыта падчас падзелу Рэчы Паспалітай расійскі ўрад зыходзіў з пачуцця племянной еднасці “вялікарусаў” з беларусамі і імкнуўся вызваліць гэты “рускі” народ з-пад уціску Польшчы. Але на справе тут племянное, нацыянальнае або рэлігійнае пачуццё з'яўлялася другарадным. Хаця нельга не ўлічваць, што расійскі ўрад не толькі быў заклапочаны міжканфесійнымі адносінамі ў Рэчы Паспалітай, але і прымаў захады да абароны дысідэнтаў (праваслаўных і пратэстантаў). Аднак праўда і ў тым, што гэта рабілася з палітычных меркаванняў, пераважна з мэтай ліквідацыі неспакойнага суседа – Рэчы Паспалітай.

Пры падзелах знясіленай Рэчы Паспалітай было ігнаравана міжнароднае правіла – не выстаўляць ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі прэтэнзій, якія не маюць пад сабой асноў або даўно страцілі значэнне. Адсюль, уяўляецца, непаслядоўнасць, а то і двурушнасць у абгрунтаванні імі сваіх намераў у адносінах з суседняй дзяржавай. Калі ў дэкларацыях 1763 і 1764 г. Кацярына ІІ запэўнівала ў сваіх імкненнях “захаваць Рэч Паспалітую ў цяперашнім яе стане, у правах, вольнасцях і асновах, роўна як і ў граніцах”, то падчас падзелаў лічылася, што далучаюцца “землі, якія здаўна Расіі належалі, грады рускімі князямі створаныа, і народы агульнага з расіянамі паходжання і ім аднаверныя”. Паслы Прусіі і Аўстрыі ў Варшаве ў сваю чаргу заяўлялі, што іх манархі абураны чуткамі аб падзелах Польшчы і Літвы. Аднак праз пэўны час Аўстрыя стала сцвярджаць, што ў ХIII – XIV стст. Галіцкая і Уладзіміра-Валынскае княствы належалі Венгрыі, а Прусія стала выступаць у якасці спадкаемцы Ордэна крыжаносцаў, прэтэндуючы на каралеўскую Прусію.

Паказальна і тое, што пасля другога падзелу ўнутранныя пытанні Рэчы Паспалітай вырашаў расійскі пасланнік, мінуючы караля і сойм; па ўсёй краіне былі дыслацыраваны войскі. Акупацыя тэрыторыі адбывалася яшчэ да падпісання дакументаў аб падзеле. Пры гэтым ніхто не цікавіўся інтарэсамі народаў, якія жылі на гэтай зямлі і ў выніку ваенных дзеянняў пераходзілі ад адной дзяржавы да другой.

Але нельга не пагадзіцца з той высновай, што адной з галоўных прычын дзяржаўнай катастрофы з'явілася няздольнасць дэмакратычных інстытутаў Рэчы Паспалітай выпрацаваць цэнтралізатарскія пачаткі функцыяніравання структур апарата ўлады. З другога боку, кіруючыя колы краіны не змаглі (не без дапамогі неймавернага знешняга ціску) адарвацца ад старой сістэмы дзяржаўнага ўладкавання з мэтай выхаду на новы віток палітычных і сацыяльна-эканамічных адносін. Для гэтага ім неабходна было змагацца перш за ўсё з сабой, са сваёй легкадумнасцю, расслабленасцю і бяздейнасцю – грахамі тагачаснага польска-літоўскага і ў найбольшай ступені польскага светаразумення, якія выявіліся ва ўсёй непрыгляднасці ў апошнія дзесяцігоддзі існавання краіны. Яны занадта многа турбаваліся аб ахове сваіх групавых інтарэсаў, аб індустрыі забаў, але не клапаціліся аб тым, каб дасягнуць згоды і спакою ў грамадстве, і таму прагледзелі, як на ўнутраныя справы краіны ўплыў іншаземцаў стаў вызначальным, а потым дзесяцігоддзі пажыналі горкія плады, пакрываючы іх вымушанай рызыкай і непазбежнымі чалавечымі стратамі.

Літаратура

Асноўная

1. Белоруссия в эпоху феодализма // Сб. документов и материалов: В 4-х т. – Мн., 1961. Т. 3.

2. Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага княства Літоўскага / Пер. з польск. – Мн., 2002.

3. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён: Вучэб. дапамож. – Мн., 2003.

4. Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. – Мн., 2003.

5. Гісторыя Беларусі. Курс лекцый. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: У 2 ч. – Мн., 2000.

6. История Беларуси в документах и материалах. Сост. И. Кузнецов, Е. Мазец. – Мн., 2000.

7. Хрестоматия по истории Беларуси: С древнейших времен до 1917 г. Сост. А. П. Игнатенко, В. Н. Сидорцов. – Мн., 1977.

8. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6-ці т. – Мн., 1993-2003.

9. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. – Мн., 2000.

Дадатковая

1. Анішчанка Я. К. Інкарпарацыя, Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. – Мн., 2003.

2. Бардах Ю., Леснородский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. – М., 1980.

3. 210 год Канстытуцыі Рэчы Паспалітай: Гісторыя. Права. Традыцыі / Матэрыялы міжнар. навук. канф. Мінск, 27 крас. 2001. – Мн., 2002.

4. Дневник Люблинского сейма 1569г. – СПб., 1869.

5. История Польши: В 3-х т. / Под ред. В. Д. Королюка, И. С. Миллера, П. Н. Третьякова. Т. 1. – М., 1951.

6. Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. – М., 1993.

7. Макарова Т. И. Утраченный шанс // Родник. 1991. № 5.

8. Прыбытка Г. Барацьба магнацкіх груповак у ХVIII ст. // Спадчына. 1996. № 1.

9. Шаўцоў Ю. “Літоўскі сэпаратызм” канца ХVІ стагоддзя. // Спадчына. 1995. № 2.

Гласарый

Паняцце Сэнс паняцця
Адукацыйная камісія Галоўны орган, які праводзіў у 70-ыя гг. ХVIII ст. агульную рэформу асветы ў Рэчы Паспалітай. Створана соймам у 1773 г.
Дысідэнты Асобы, якія не падзяляюць пануючага ў краіне веравызнання. У Рэчы Паспалітай ХVII – ХVIII стст. – хрысціяне – некатолікі (праваслаўныя і пратэстанты)
Канфедэрацыі Часовыя ваенна-палітычныя саюзы шляхты, гарадоў, духавенства ў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVI- ХVIII стст. Згодна з Генрыхаўскімі артыкуламі ў выглядзе канфедэрацыі абвяшчалася адмаўленне ад падпарадкавання каралю і выступленне супраць яго (Слуцкая – 1767 г., Барская – 1768 г., Таргавіцкая – 1792 г. і інш.)
“Ліберум вета” Правіла ў дзяржаўным праве Вялікага княства Літоўскага (і Рэчы Паспалітай), паводле якога кожны дэпутат сойма ці сойміка мог (нават без абгрунтавання) выказаць нязгоду (літаральна – свабода забароны) з любой соймавай пастановай, што азначала спыненне пасяджэння, скасоўвала ўсе прынятыя на гэтым пасяджэнні рашэнні. Гэтае правіла з'яўлялася побач з выбарнасцю каралёў адным з асноваўтваральных у шляхецкай “канстытуцыі”, накіраванай на ўмацаванне палітычных пазіцый магнатаў і шляхты за кошт аслаблення каралеўскай улады
Люблінская унія 1569 г. Пагадненне аб дзяржаўна-палітычным саюзе Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, паводле якога ўтварылася федэратыўная дзяржава – Рэч Паспалітая
Рэч Паспалітая (З лац. – рэспубліка). Пасля Люблінскай уніі 1569 г. афіцыйная назва феадальнай федэратыўнай дзяржавы, у якую аб'ядналіся Польшча (Карона) і Вялікае княства Літоўскае (Княства або Літва)
Сойм (сейм – парламент) Саслоўна – прадстаўнічы орган вышэйшай заканадаўчай і часткова судовай улады ў Рэчы Паспалітай
Соймік Сход шляхты павета (ваяводства) Рэчы Паспалітай (і Вялікага княства Літоўскага), дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; элемент сістэмы органаў дзяржаўнай улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай), дзякуючы якому шляхецкая супольнасць павета ўдзельнічала ў рабоце органаў мясцовай улады і самакіравання, а таксама ў выбарах дэпутатаў (паслоў) у агульнадзяржаўны сойм
Унітарная дзяржава Краіна, дзе адсутнічае федэратыўны лад

 

Тэст

1. Назавіце час утварэння Слуцкай і Торуньскай канфедэрацый

 

1. 1764 г. 3. 1768 г.
2. 1767 г. 4. 1772 г.
  5. 1792 г.

 

2. Выявіце найбольш вядомых прадстаўнікоў шляхецка-буржуазнага блока ў Рэчы Паспалітай, праграмай якога было прыстасаванне феадальнага ладу да патрэб капіталістычнага развіцця

 

1. Браніцкі. К.   3. Патоцкі М.   5. Сташыц С.
2. Калантай Г.   4. Ржэвускі С.   6. Язерскі Ф.

 

3. Узгадайце час утварэння Віленскай, Магілёўскай, Мінскай, Полацкай, Пскоўскай і Слонімскай губерняў, у склад якіх увайшлі беларускія землі па іх далучэнні да Расійскай імперыі

 

1. 1768 г. 3. 1775 г. 5. 1792 г. 7. 1795 г.
2. 1772 г. 4. 1776 г. 6. 1793 г. 8. 1796 г.

 

4. У выніку якога падзелу Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй адбылося далучэнне да апошняй заходняй часткі Беларусі і Жамойціі

 

1. 1772 г. 2. 1793 г. 3. 1795 г.

Трэнінг

 

1. У чым выявіўся федэратыўны характар Рэчы Паспалітай?

2. Выявіце змест “Генрыхавых артыкулаў”.

3. Ахарактарызуйце змест традыцый “Пакта канвента”.

4. Растлумачце працэдуру выбрання новага караля Рэчы Паспалітай.

5. Раскрыйце змест выразу “дысідэнцкае пытанне”.

6. Якая зачэпка была выкарыстана Расіяй для правядзення першага падзелу Рэчы Паспалітай?

7. Апішыце прававыя акты аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, працэдуру іх падпісання і зацвярджэння.

8. Вызначце перадумовы другога падзелу Рэчы Паспалітай і ролю Таргавіцкай канфедэрацыі ў гэтым працэсе.

9. Назавіце прычыны трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, прававыя акты па яго правядзенні.

10. Дайце характарыстыку зместу Канвенцыі дзяржаў-агрэсараў і Трактата 1793 г. аб падзеле Рэчы Паспалітай.

11. Разглядзіце ў храналагічнай паслядоўнасці ход далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, іх адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і кіравання.

12. Якія прынцыпы міжнароднага права былі парушаны пры ажыццяўленні падзелу Рэчы Паспалітай?

13. Ці можна даць адназначную ацэнку ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі?


 


Дата добавления: 2018-10-26; просмотров: 418; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!