Методыка выкладання музычных дысцыплін як навука і як вучэбны курс



У перакладзе з грэчаскай мовы тэрмін методыка (methodike – грэч.) мае два значэнні. Па-першае, яна тлумачыцца як сукупнасць прыёмаў, спосабаў, мэтазгоднага правядзення якой-небудзь дзейнасці. Па-другое, методыкай называецца адгалінаванне педагагічнай навукі, якое даследуе заканамернасці выкладання пэўнай вучэбнай дысцыпліны. (методыка матэматыкі, гісторыі, музычных дысцыплін). Такім чынам, методыка выкладання музычных дысцыплін - гэта, з аднаго боку, комплекс канкрэтных прыёмаў, спосабаў, прынцыпаў, якія ляжаць ў аснове навучання музыцы. З другога боку — гэта адгалінаванне музычнай педагагічнай навукі, якая вывучае заканамернасці выкладання музыкі.

Адразу хацелася б сканцэнтраваць вашу ўвагу на тым, што асновай методыкі з’яўляецца не абыякавая паслядоўнасць пэўных прыёмаў дзейнасці, а іх мэтазгоднасць і лагічная накіраванасць. Што ж тычыцца методыкі выкладання, то яна грунтуецца на вылучаных практыкай лагічных і паслядоўных дзеяннях, але і ўстаноўленых педагагічнай навукай правілах і заканамернасцях навучання гэтым дзеянням.

Усе прыведзеныя вышэй тлумачэння тычацца і методыкі выкладання спецыяльных музычных дысцыплін. Звярну вашу ўвагу на тое, што, паколькі на факультэце музычнага мастацтва рыхтуюцца менавіта музыканты выканаўцы (мастацтвазнаўцы навучаюцца, як вядома, на іншым факультэце), пад спецыяльнымі дысцыплінамі мы будзем разумець дысцыпліны, накіраваныя на падрыхтоўку менавіта музыкантаў выканаўцаў - інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, салістаў, выканаўцаў хору, ансамбля ці аркестра. Такім чынам, прадметам нашай дысцыпліны з’яўляецца комплекс прыёмаў, спосабаў мэтанакіраванай дзейнасці па навучанню спецыяльным музычным дысцыплінам.

Вучэбны курс “Методыка выкладання спецыяльных дысцыплін” быў уведзены ў вучэбны план падрыхтоўкі студэнтаў усіх спецыяльнасцей на факультэце музычнага мастацтва некалькі гадоў таму. Падставай для гэтага было пашырэнне пераліку кваліфікацый ва універсітэце, якое ўяўляла сабой аб’ектыўны працэс, адпавядаючы сацыяльна-палітычным зменам ў грамадстве, новаму статусу БДУ культуры і мастацтваў, як вышэйшай навучальнай установы, а таксама сучасным патрабаванням прафесійнай мастацкай практыкі і асабістым патрэбнасцям саміх выпускнікоў. Дадатковая педагагічная кваліфікацыя, якую сёння атрымліваюць ўсе без выключэння выпускнікі ФММ, забяспечвае сацыяльную абарону спецыялістаў, пашырае магчымасць пошуку свайго месца ў галіне музычнай культуры краіны. (Нагадаю, што яшчэ дзесяць год таму кваліфікацыю выкладчыка ў дыпломе атрымлівалі толькі тыя студэнты, якія навучаліся добра і выдатна - прыблізна 30-35 %. Студэнты са здавальняючымі адзнакамі атрымаць такую кваліфікацыю не мелі права).

Дзяржаўны стандарт вышэйшай музычнай адукацыі па профілю БДУ культуры і мастацтваў прадугледжвае, што выпускнікі музычнага факультэта павінны мець такую педагагічную падрыхтоўку, якая б давала магчымасць паспяхова выконваць не толькі задачы агульнага мастацкага выхавання дзяцей і дарослых, вядзення асветніцкай работы у галіне мастацкай творчасці, але і дазваляла б ім выкладаць спецыяльныя дысцыпліны ва ўсіх відах устаноў сістэм мастацкай адукацыі і выхавання: агульнаадукацыйных школах, школах мастацтваў, студыях і гуртках, у клубных установах, дзіцячых музычных школах, а таксама сярэдніх спецыяльных установах мастацтва і культуры. Больш таго, сёння нашы выпускнікі маюць магчымасць працаваць нават у ВНУ, скончыўшы магістратуру і аспірантуру. Як сведчыць практыка, выпускнікі нашага факультэта працуюць у Дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, у БДУ культуры і мастацтваў, у абласных філіялах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у каледжах рэспублікі.

Універсітэцкі статус нашай навучальнай установы прадугледжвае падрыхтоўку творча, маральнай, культурнай, адукаванай, нацыянальна- свядомай асобы, педагога даследчыка з глыбокім веданнем не толькі спецыяльных методык, але і праблем агульнай педагогікі і псіхалогіі, практычнымі навыкамі выкладчыка метадыста. Кваліфікацыйная характарыстыка нашага выпускніка значна больш шырокая, чым выпускніка Педагагічнага універсітэта, які рыхтуе кадры для сістэмы агульнага музычнага выхавання, ці выпускніка Акадэміі музыкі, які працуе ў сістэме спецыяльнай музычнай адукацыі.

Менавіта таму у змесце падрыхтоўкі нашых студэнтаў дысцыпліны псіхолага-педагагічнага блока прадстаўлены даволі значна. Так, метадалагічную аснову мастацка-педагагічнай падрыхтоўкі студэнтаў складае філасофія, у прыватнасці, эстэтыка. Агульна педагагічную падрыхтоўку спецыялістаў музычнага профілю ў нашым універсітэце забяспечваюць псіхалогія (агульная, узроставая, мастацкай творчасці і сацыяльная) і педагогіка (агульная і прафесійная). Больш дасканалай профільнай падрыхтоўцы спецыялістаў спрыяюць курс “Методыка выкладання спецыяльных дысцыплін” і прыватныя методыкі, такія, як, напрыклад, методыка работы з аркестрам, ансамблем, харавым калектывам, методыка навучання ігры на інструменце і г.д.). І, нарэшце, завяршае падрыхтоўку выкладчыка музыканта педагагічная практыка.

Першая палова курса “Методыка выкладання спецыяльных музычных дысцыплін” мае фундаментальны характар і выконвае важныя задачы ў прафесійнай падрыхтоўцы спецыяліста, таму, што закладае агульныя метадычныя веды студэнтаў музыкантаў ў галіне іх будучай педагагічнай дзейнасці і з’яўляецца неабходнай ўмовай пераходу да вузка профільных метадычных дысцыплін. Змест курса стварае неабходны падмурак да больш глыбокага і дэталёвага вывучэння спецыфічных метадычных пытанняў, якія тычацца кожнай канкрэтнай выканальніцкай спецыяльнасці і спецыялізацыі.

18 лекцыйных гадзін 6 гадзін практычных заняткаў прысвечаны пытанням гісторыі і тэорыі методыкі. Практычныя заняткі прадугледжваюць самастойную работу студэнтаў з рознымі метадычнымі крыніцамі, мэтай іх з’яўляецца замацаванне тэарэтычных ведаў і перавод іх у практычныя ўменні і навыкі. Па заканчэнні курса студэнты здаюць залік. На працягу ўсяго семестра студэнты выконваюць творчыя практычныя заданні і кантрольна-праверачныя тэсты, якія з’яўляюцца падставай для допуску да заліку.

У цэлым курс “Методыка выкладання спецыяльных музычных дысцыплін” мае цесную сувязь з курсамі агульнай і музычнай педагогікі, псіхалогіі, тэорыі, гісторыі і практыкі выканальніцкага мастацтва, гісторыі і тэорыі музыкі і абапіраецца на веды і практычныя навыкі, якія студэнты ўжо атрымалі па сваёй спецыяльнасці. Курс пабудаваны па канцэнтрычнаму прынцыпу, гэта значыцца працягвае, пашырае і паглыбляе змест асноўных палажэнняў методыкі, з якімі студэнты знаёміліся ў курсе методыкі ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

2. Мэта, задачы, змест і метадычнае забеспячэнне курса

У сістэме спецыяльнай педагагічнай падрыхтоўкі музыканта курс методыкі выконвае асобую функцыю. Ён дазваляе не толькі сфарміраваць сістэму ведаў аб мэце, задачах, змесце і тэхналогіі навучання музыканта выканаўцы, але і вывесці на ўзровень абагульнення шматаспектны працэс фарміравання будучага спецыяліста як творчай асобы.

Мэтай курса з’яўляецца фарміраванне педагагічнага майстэрства студэнтаў праз азнаямленне іх з сучаснымі прынцыпамі і найбольш эфектыўнымі спосабамі і прыёмамі выкладання спецыяльных музычных дысцыплін.

У задачы курса ўваходзіць:

? засваенне заканамернасці, логікі і пэўных алгарытмаў, якія носяць універсальны характар, з’яўляюцца агульнымі для ўсіх спецыяльнасцей і складаюць сутнасць методыкі выкладання музычных дысцыплін;

? комплекснае развіццё асабістых якасцей і прафесійных уменняў і навыкаў будучых спецыялістаў у галіне музычнай педагогікі;

? развіццё прафесійнага інтарэсу да педагагічнай дзейнасці;

? далейшае ўдасканаленне агульных і прафесійных музычных здольнасцей студэнтаў.

Змест курса складаюць:

? гісторыя развіцця музычнай методыкі;

? тэарэтычныя асновы методыкі;

? сучасныя метадычныя сістэмы і педагагічныя выканальніцкія школы;

? тэхналогія фарміравання творчай асобы і развіцця музычных здольнасцей ў працэсе выкладання музычных дысцыплін;

? універсальныя спосабы і метады работы над музычным вобразам і асобнымі сродкамі музычнай выразнасці.

3. Асноўныя прынцыпы сучаснай музычнай педагогікі

Сучасныя, кардынальна новыя сацыяльныя і мастацкія патрабаванні грамадства аказалі непасрэдны ўплыў на ўсю сістэму адукацыі, у тым ліку і музычную. Яны прывялі да новай адукацыйнай парадыгмы, арыентаванай на асобу, здольную да самаразвіцця, творчасці, адказнасці і самастойнага выбару. Таму сучасная музычная методыка абапіраецца на асобасна-арыентаваны, дзейнасны, развіваючы і творчы падыходы.

Асобасна-арыентаваны падыход падразумявае суб’ектнасць пазіцыі студэнта. Гэта адзначае, што кожны студэнт мае магчымасць мець свой асабісты погляд, выказаць ўласную думку, прапанаваць пэўную тэму для абмеркаванняў, атрымаць неабходную індывідуальную кансультацыю або дапамогу.

Дзейнасны падыход заключаецца ў імкненні пераўтварыць тэарэтычныя веды студэнтаў у практычныя ўменні і навыкі (самастойная работа над творам, педагагічная практыка ў ДМШ ці музычным вучылішчы).

Развіваючы падыход рэалізуецца як у асабістым, так і ў прафесійным планах. Студэнт навучаецца думаць і дзейнічаць як музыкант выкладчык, самастойна вырашаць педагагічныя выканальніцкія задачы, набываючы навыкі аналізу ўласнай педагагічнай і выканальніцкай дзейнасці.

Творчы падыход праяўляецца не ў авалоданні зборам дагматыўных правілаў, а ў выяўленні супярэчнасцей у адукацыі музыканта і ўменні знаходзіць шляхі іх вырашэння.

У сучасных ўмовах перабудовы і дэмакратызацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця карэнныя змены павінны адбывацца і ў музычнай педагогіцы. Але новая якасць асэнсавання настаўнікам свайго прызначэння можа з’явіцца толькі ў сацыяльна творчай атмасферы. Таму да таго часу, пакуль змястоўная дзейнасць выкладчыка будзе кіравацца жорсткай інструкцыяй, а яе вынік ацэньвацца адміністрацыйна, аб сапраўднай творчасці не можа быць размовы. Творчасць і дэмакратызацыя магчымы толькі ва ўмовах рэальна ўключаных у дзейнасць свабоды, ініцыятывы, даверу і адказнасці.

Дэмакратызацыя прафесійнай музычнай адукацыі, характэрная для нашага часу, не з’яўляецца, на жаль, традыцыйнай для савецкай музычнай педагогікі і методыкі. Больш звыклымі з’яўляюцца вялікія хібы ў музычным выхаванні, калі ў тых, хто жадае атрымаць прафесійную музычную адукацыю, разбураны або заглушаны ўласна творчыя здольнасці (і гэта пры захаванні сенсорных - слых, памяць, рытм і г.д.).

Вядомы аптымізм савецкай музычнай педагогікі, якая сцвярджае, што большасць моладзі можа навучацца музычнаму мастацтву. Але падстава для гэтага аптымізму - толькі паказчыкі элементарнай музыкальнасці. Але пры гэтым не ўлічваецца тое, што асоба маладога чалавека нярэдка дэфармавана залішнім прагматызмам, поп-культурай, бяздарнасцю выкладчыкаў агульна адукацыйнай, а часам і музычнай школ. У сітуацыі перабудовы, якая склалася сёння, значна павышаюцца патрабаванні да музыканта-выкладчыка. Усё гэта прывяло сучасную музычную педагогіку да выпрацоўкі новых метадычных прынцыпаў музычнай адукацыі.

Прынцып першы: Кропкай адліку ў педагагічным працэсе з’яўляецца асоба вучня, але не музычны твор, не вучэбная дысцыпліна, не ўласны клопат настаўніка аб сваім аўтарытэце ці прызначэнні музычнай культуры.

На жаль, у існуючай музычна адукацыйнай практыцы прыярытэт надаецца часцей за ўсё фарміраванню музычна выканальніцкіх навыкаў. Але ў фарміраванні і развіцці творчай асобы музыканта найважнейшае становішча займаюць зносіны з выкладчыкам па спецыяльным дысцыплінам, творчыя прафесійныя ўзаемаадносіны настаўніка і вучня. Гуманізацыя адукацыі прадугледжвае поўнае выключэнне аўтарытарнасці, развіццё дыялога, супрацоўніцтва, пабудову суб’ект-суб’ектных адносінаў. Пры гэтым эмацыянальны характар самой музыкі, якая з’яўляецца галоўным сродкам камунікацыі ў працэсе музычнай адукацыі, стварае атмасферу творчага захаплення.

Як падкрэсліваў вядомы савецкі піяніст і выкладчыц Г.Нэйгауз: “Калі ўзнікаюць размовы аб музыцы з таленавітымі і развітымі вучнямі, то настаўнік пераўтвараецца з “выкладчыка” у вузкім сэнсе слова ў старэйшага калегу, які аснашчаны вялікім вопытам і вялікімі ведамі, які размаўляе з малодшымі братамі аб мастацтве на любімыя тэмы. Менавіта гэты бок педагогікі – самы прыцягальны, самы захапляючы і радасны бок. Не толькі таму, што тут прафесійная логіка становіцца памалу сапраўдным выхаваннем, але галоўным чынам з-за таго, што гэта чыстая форма збліжэння людзей на падставе агульнай адданасці мастацтву і здольнасці нешта ствараць ў мастацтве”.

Прынцып другі: Асобу вучня развівае толькі выкладчык, які сам развіваецца. Гэты прынцып праяўляе сябе толькі дзякуючы творчым намаганням выкладчыка, які стварае ўмовы развіцця вучня, толькі ў працэсе ўласнага развіцця. Педагагічнае развіццё - пошукі такіх спосабаў асабістых зносінаў, якія заснаваны на прызнанні настаўнікам асобы вучня, яго магчымасці разумець лепшыя ўзоры музычных твораў.

Прынцып трэці: Зместам музычнай адукацыі з’яўляецца не засваенне інфармацыйна-знакавых бакоў музычных твораў, а выхаванне асабістага (личностного) спосабу адносінаў як да твораў мастацтва, так і да свету, іншых людзей, асабіста да сябе. Гэта адзначае, што выпускнік не можа быць толькі спецыялістам прафесіяналам, эрудзіраваным выключна ў галіне музыкі: валодаць музычным інструментам (або голасам) умець аналізаваць музычныя творы з пункту гледжання формы, умець ілюстраваць свае выступленні. Ён павінен мець мастацкія адносіны да шматлікага свету, быць мастаком і грамадзянінам, адказным за эстэтычнае і маральнае выхаванне свайго пакалення. Падставай для такога гуманістычнага грамадзянскага падыходу з’яўляецца новы падыход да рашэння праблемы “чалавек-свет”, сутнасць якога - ў перажыванні непарыўнай сувязі і залежнасці чалавека ад свету і свету ад чалавека. Творчая свядомасць вучня заключаецца не ў яго ўменні хутка схапіць заўвагі настаўніка, а ў тым, што дзякуючы дыялогу з ім і з музычным творам ён набывае асабісты спосаб адносін да гэтага твору, а праз яго - да цэлага свету. Гэта і пакладзе пачатак яго мастацкай самастойнасці, якая складае неабходны падмурак прафесійнай адукацыі музыканта.

Вывады:

? Методыка выкладання музычных дысцыплін — сукупнасць прыёмаў і спосабаў мэтазгоднага навучання музыцы;

? Найважнейшай задачай курса з’яўляецца засваенне заканамернасці, логікі і пэўных алгарытмаў выкладання музычных дысцыплін, агульных для ўсіх музычных спецыяльнасцей;

? Сучасная музычная методыка абапіраецца на асобасна-арыентаваны, дзейнасны, развіваючы і творчы падыходы;

? Методыка выкладання музычных дысцыплін грунтуецца на прынцыпах новай педагогікі: асоба вучня, як цэнтральны момант педагагічнага працэсу; непарыўнае развіццё выкладчыка, як неабходная ўмова развіцця вучня; фарміраванне ў вучня асобасных адносінаў да твораў мастацтва, свету, да самога сябе як асноўны змест музычнай адукацыі.


Дата добавления: 2015-12-21; просмотров: 22; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!