Пісьмо Езуса Міласэрнага да моладзі Мядзельскага дэканата

Http://naracz.na.by/

Развіццё і пашырэнне к ульт у Божай Міласэрнасці ў свеце

 

Божая міласэрнасць — гэта самая вялікая ўласцівасць Бога. Хоць кожная з уласцівасцяў Бога, напрыклад, любоў, усемагутнасць, прадбачлівасць або справядлівасць з’яўляецца самім Богам у Святой Тройцы адзіным, аднак такую Божую ўласцівасць як міласэрнасць некаторыя тэолагі называюць самай вялікай, таму што гэтая ўласцівасць непасрэдна датычыць жыцця чалавека, яго велічы і ўбогасці, яго промахаў, крызісаў і памылак. У наш складаны час, пра што мы чытаем у Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце («Gaudium et spes», ІІ Ватыканскі Сабор), а таксама ў энцыкліцы Слугі Божага Яна Паўла ІІ пра Божую Міласэрнасць («Dives in misericordia»), у час, якому з аднаго боку характэрна развіццё навукі і тэхнікі, вялікія дасягненні, адкрыцці чалавечага розуму, з іншага ж боку ўласціва адмаўленне чалавекам першынства Бога і жаданне вырашаць усё самастойна, займаючы месца Стварыцеля. Адыход чалавека ад Бога прывёў да вялікіх трагедый, страшных войнаў, канцэнтрацыйных лагераў, крэматорыяў, гулагаў, а ў наш час — да тэрарызму.

Менавіта ў гэтыя цяжкія часы Пан Бог хоча нагадаць людзям пра сваю міласэрнасць. «Людзі не спазнаюць супакою, пакуль з даверам не звернуцца да Божай міласэрнасці». Для таго, каб спазнаць Божую міласэрнасць, трэба вярнуцца да Бога, прызнаць свае памылкі і прасіць Бога аб міласці падобна марнатраўнаму сыну, а Бог багаты на міласэрнасць выйдзе насустрач збалеламу і змучанаму чалавеку, выйдзе, каб сустрэць марнатраўнага сына і адарыць яго годнасцю дзіцяці Божага. «Брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (пар. Лк 15, 32). Бог заўсёды і бясконца любіць чалавека, Ён стварыў яго на сваё падабенства, адарыў розумам і свабоднай воляй, бо не хоча мець у сваім Валадарстве нявольнікаў, але людзей свабодных, асобаў, якія б аддавалі хвалу Богу свядома, дабравольна, кіруючыся ўласным перакананнем.

Так хоча Бог, такая Яго воля. Да гэтай місіі Ён адбраў дзве асобы: кс. Міхала Сапоцьку, сённяшняга благаслаўлёнага, і с. Фаўстыну Кавальскую, сённяшнюю святую. Не была гэтая місія простай. Ксёндз Міхал Сапоцька, выхаваны ў глыбока рэлігійнай каталіцкай сям’і, з дзяцінства вучыўся выконваць волю Бога. Выконваў яе падчас вучобы ў ашмянскай школе, а пазней — у Вільні і ў Варшаве. Выконваў Божую волю і вучыў гэтаму дзяцей і моладзь. Выконваў яе як святар, прафесар і спаведнік.

У 1933 г. у Вільні кс. Міхал Сапоцька, будучы спаведніком сясцёр, сустрэў с. Фаўстыну, якая таксама вельмі хацела ўсім сваім сэрцам выконваць волю Бога. Яна атрымала ад Бога складанае заданне, якое было звыш яе магчымасцяў — аб’яўляць свету Божую міласэрнасць, няспынную любоў Бога да чалавека, асабліва да людзей няшчасных, бедных, прыгнечаных.

 

У «Дзённіку» с. Фаўстыны мы чытаем:

«Плоцк, 22 лютага 1931 г. Увечары, калі я знаходзілася ў келлі, убачыла Езуса Хрыста, які быў апрануты ў белае адзенне. Адна Яго рука была паднята для благаслаўлення, а другая краналася адзення на грудзях. Са складкі адзення на грудзях выходзілі два шырокія прамяні: адзін чырвоны, другі бледны. Моўчкі я ўважліва глядзела на Пана, мая душа была напоўнена пачуццём страху, але таксама і вельмі вялікай радасцю. Праз некаторы час Езус сказаў мне: „Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш, з подпісам: Езу, давяраю Табе. Я хачу, каб гэтаму абразу спачатку пакланяліся ў вашай капліцы, а потым — ва ўсім свеце. Я абяцаю, што душа, якая будзе пакланяцца гэтаму абразу, не загіне. Абяцаю ёй таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над ворагамі, а асабліва ў час смерці. Я сам буду аберагаць яе, як свой гонар“.

Потым Пан Езус сказаў: „Я хачу, каб было ўстаноўлена свята Міласэрнасці. Я хачу, каб абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля Вялікадня. Гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці. Я хачу, каб святары прапаведвалі пра Маю вялікую міласэрнасць да грэшных душаў. Няхай грэшнік не баіцца прыблізіцца да Мяне. Мяне паліць агонь міласэрнасці. Я хачу выліць яго на душы людзей“».

Ксёндз Міхал Сапоцька перш за ўсё ўважліва сачыў за аб’яўленнямі Езуса Міласэрнага, падыходзіў да іх вельмі крытычна, ставіў суровыя патрабаванні пэнітэнтцы, даследаваў яе святасць, паслухмянасць, рэкамендаваў праверыць яе фізічнае і псіхічнае здароўе. Несумненна, гэта было вялікім паніжэннем для с. Фаўстыны, якая прыняла гэта спакойна, у духу аддання сябе волі Божай. Адначасова кс. Сапоцька навукова даследаваў таямніцу Божай міласэрнасці згодна з Аб’яўленнем — Святым Пісаннем і традыцыяй. Памалу ён пачаў пераконвацца ў сапраўднасці аб’яўленняў с. Фаўстыны, бо знайшоў іх пацверджанне ў вучэнні Касцёла.

Адначасова ён вельмі сур’ёзна аднёсся да сваёй пэнітэнткі, хацеў дапамагчы гэтай асобе, якую ніхто не хацеў зразумець. Кіруючыся чалавечай цікавасцю, ённ заахвоціў мастака Яўгена Казіміроўскага намаляваць Хрыста Міласэрнага згодна з планам аб’яўленняў с. Фаўстыны. Абраз, які быў намаляваны ў 1934 г., не задаволіў с. Фаустыну, бо не быў такім прыгожым, якім яна яго бачыла, аднак пазней с. Фаўстына пазнала, што Хрыстус прызнаў гэты абраз за здавальняючы. Ксёндз Міхал Сапоцька змясціў абраз у калідоры кляштару сясцёр бернардынак і пачаў прыкладаць усе намаганні, каб арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі дазволіў змясціць абраз у касцёле. Не атрымаўшы на гэта дазволу, па настойлівай просьбе с. Фаўстыны абраз Езуса Міласэрнага быў змешчаны ў акне галерэі перад Вострай Брамай у якасці дэкарацыі на Святы Трыдуум, які святкавалі на заканчэнне Юбілея Адкуплення, перад Праводнай Нядзеляй або нядзеляй, прадугледжанай на свята Божай міласэрнасці. Гэта быў 1934 год. Праз тры гады кс. Сапоцька атрымаў дазвол, каб абраз мог знаходзіцца ў касцёле св. Міхала, дзе ён быў рэктарам. Гэты абраз мае багатую гісторыю, бо доўгія гады яго хавалі ў Новай Рудзе недалёка ад Гродна. Потым абраз вярнулі ў Вільню ў касцёл Святога Духа. Сёння ён знаходзіцца ў віленскім касцёле Святой Троіцы.

З падобнымі цяжкасцямі кс. Сапоцька сутыкнуўся і пры ўвядзенні свята Божай міласэрнасці. Ведаючы папярэджанні адносна прыватных аб’яўленняў, перш за ўсё займаўся падрыхтоўкай навуковай працы на гэтую тэму. У 1936 г. у Вільні выдаў працу пад назвай «Божая міласэрнасць», а год пазней — кнігу «Ідэя Божай міласэрнасці ў літургіі». У 1937 г. падчас марыялагічнага кангрэса ў Вільні кс. Сапоцька пераконваў тэолагаў у неабходнасці таго, каб свята Божай міласэрнасці стала спецыяльным, асаблівым святам. Ён атрымаў згоду на рэзалюцыю, якую збіраліся паслаць у Апостальскую Сталіцу, аднак арцыбіскуп Вільні не згадзіўся, каб просьба была накіравана ў Рым. Такою ж была рэакцыя біскупаў, якія падчас сінадальных абрадаў у Чэнстахове атрымалі працу кс. Сапоцькі пад назвай «Божая міласэрнасць». Яны выказалі аўтару папрок, што прапаганда ўсялякіх формаў культу, якія выходзяць з прыватных аб’яўленняў і не зацверджаны Касцёлам, не адпавядае дэкрэту, выдадзенаму Кангрэгацыяй Веравучэння ў 1936 г., паводле якога гэта забаронена.

26 лістапада 1938 г., ужо пасля смерці с. Фаўстыны, кс. Міхал Сапоцька ўручыў біскупам на Канферэнцыі Біскупаў у Чэнстахове падрабязны мемарыял, дзе прыводзіў тэалагічныя доказы неабходнасці ўстанаўлення свята Божай міласэрнасці. У мемарыяле, аднак, не ўспамінаў аб прыватных аб’яўленнях с. Фаўстыны, бо такая была воля яго біскупа ардынарыя. Біскупы не прынялі адносна гэтай справы ніякага рашэння.

У ліпені 1937 г. ксёндз Міхал Сапоцька наведаў с. Фаустыну. Падчас гэтай сустрэчы с. Фаўстына ўручыла свайму спаведніку «Дзённік», у якім кс. Сапоцька знайшоў Навэнну і Вяночак да Божай міласэрнасці, а таксама шэраг заклікаў да Божай міласэрнасці. З гэтых заклікаў кс. Сапоцька склаў Літанію да Божай міласэрнасці.

З «Дзённіка» с. Фаўстыны вынікала, што малітвы прадыктаваў ёй сам Пан Езус, таму кс. Сапоцька хацеў іх апублікаваць, аднак Віленская курыя адмовіла ў imprimatur. Тады ён звярнуўся ў Кракаўскую курыю і, атрымаўшы дазвол, ў 1937 г. апублікаваў малітвы. Кніжачку аздобіў абраз Езуса Міласэрнага (паводле малюнка Казіміроўскага).

Як відаць, пасланне с. Фаўстыны ўваходзіла ў жыццё вельмі павольна і з вялікімі цяжкасцямі. Ваенныя і пасляваенныя гады прыспешылі развіццё культу Божай міласэрнасці, але таксама сталі прычынай многіх скажэнняў паслання, што прывяло да забароны яго прапаведавання.

Перажываючы жахлівыя ваенныя часы, людзі пачалі больш звяртацца да Бога, просячы Яго аб міласэрнасці і літасці. У 1940 г. арцыбіскуп Віленскі даў дазвол на новую публікацыю кнігі, што была выдадзена ў Кракаве, а таксама на яе распаўсюджванне сярод вернікаў. Вялікі ўплыў на распаўсюджванне набажэнства аказалі пасыйныя навукі, якія прапаведваў у віленскай катэдры кс. Міхал Сапоцька. Як гаворыць сведка тых казанняў біскуп Эдвард Кісель, вернікі натоўпам прыходзілі слухаць тыя навукі, прапаведнік прамаўляў іх нібы містычна ўзвышаны і з вялікай сілай. Дзякуючы гэтым акалічнасцям набажэнства да Божай міласэрнасці прымалася з вялікім энтузіязмам і запалам. Праз вернікаў, якія эмігрыравалі ў іншыя краіны, а таксама праз салдат, якія ваявалі на розных франтах, Набажэнства распаўсюджвалася таксама па-за межамі Літвы, Беларусі і Польшчы.

Перш за ўсё распаўсюдзіўся культ абраза Езуса Міласэрнага і Навэнна да Божай Міласэрнасці, якую адпраўлялі перад праводнай нядзеляй, а таксама Вяночак да Божай Міласэрнасці разам з літаніяй.

Месцам найбольшага развіцця культу стала Вільня, а ў пасляваенны час цэнтрам культу Езуса Міласэрнага быў кляштар сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках каля Кракава.

Развіццё культу Божай міласэрнасці сярод вернікаў выклікала таксама зацікаўленасць тэолагаў тэматыкай Божай міласэрнасці ў святле аб’яўленняў с. Фаўстыны. Вучэнне пра Божую міласэрнасць, абапіраючыся на Святым Пісанні і тэалагічных даследаваннях, распрацаваў а. Яцэк Варанецкі OP у кнізе «Таямніца Божай міласэрнасці», якая была выдадзена ў 1945 г. і перавыдадзена ў 1948 г. У той жа час кс. М. Сапоцька працаваў над тэалагічным бокам гэтай праблемы. Ён выдаў трактат на лацінскай мове пад назвай «De misericordia Dei deque eiusdem festo instituendo» («Пра Божую міласэрнасць і ўстанаўленне свята», Варшава 1947 г.). Гутарка ішла пра тое, каб гэтае набажэнства распаўсюджвалася па ўсім свеце. Ксёндз Міхал Сапоцька выдаў яшчэ шмат прац, прысвечаных тэалагічнаму паглыбленню і пашырэнню культу Божай міласэрнасці.

Культ Божай міласэрнасці вельмі хутка пашыраўся па-за межамі Польшчы. Ксёндз Юліян Хрусцехоўскі, марыянін, вялікі прыхільнік Божай міласэрнасці апублікаваў шмат, між іншым, таксама «Гісторыю набажэнства да Божай міласэрнасці ў наш час» (Лондан, 1975). З гэтай працы вынікае, што культ Божай міласэрнасці распаўсюдзіў па-за межамі Польшчы кс. Юзаф Яжэмбоўскі, марыянін, якому ўдалося ў 1941 г. дабрацца да Злучаных Штатаў Амерыкі праз Расію і Японію. Ён перавёз мемарыял кс. Міхала Сапоцькі пра набажэнства да Божай міласэрнасці і выдаў яго ў Дэтройце (ЗША, 1943 г.). У хуткім часе там былі апублікаваны навэнна, літанія і Вяночак да Божай міласэрнасці. Другі накірунак распаўсюджвання культу Божай міласэрнасці ішоў з Вільні ў Казахстан і на Блізкі Усход — у Палесціну, Італію і іншыя краіны. З 1945 г. да распаўсюджвання культу Божай міласэрнасці далучыліся палатыны (Таварыства Каталіцкага Апостальства) з Францыі. З марыянамі і палатынамі супрацоўнічалі езуіты, францішкане і душпастыры-эмігранты. Пра тое, як распаўсюджвалася набажэнства да Божай міласэрнасці, можа сведчыць колькасць апублікаваных моўных версій гэтага набажэнства: англійская, французская, іспанская, партугальская, італьянская, нямецкая, лацінская, літоўская, латышская, галандская, фламандская, чэшская, славацкая, украінская, венгерская, харвацкая, на некалькіх мовах Індыі, Афрыкі, Азіі, асабліва ў Гоа, Сінгапуры, Карэі і г. д. Марыя Віноўская ў сваім выданні пра с. Фаустыну гаворыць аб перакладах набажэнства на амаль што 60 моваў і дыялектаў свету і пра публікацыю абраза Езуса Міласэрнага.

 У 1948 г. у Апостальскую Сталіцу была накіравана афіцыйная прапанова Епіскапата Польшчы аб устанаўленні свята Божай міласэрнасці. Прапанова засталася без адказу. Справу працягваў у 1957 г. пасля выхаду на свабоду з інтэрніравання Прымас Польшчы кардынал Стэфан Вышынскі. Па просьбе Кангрэгацыі Веравучэння ён прапанаваў праверыць справу культу Божай міласэрнасці на тэрыторыі архідыяцэзіі ў Беластоку, дзе было пацверджана, што культ пашыраўся спантанна, без дазволу Касцёла. У прыватнай прапагандзе культу з’явіліся пэўныя няяснасці ў памылковай інтэрпрэтацыі паслання і абяцанняў, а таксама былі знойдзены памылкі ў перакладзе некаторых фармуляванняў з «Дзённіка». Таму нічога дзіўнага, што з’явіўся дакумент Кангрэгацыі Веравучэння, які абмяжоўваў культ Божай міласэрнасці ў форме, прапанаванай с. Фаўстынай. 7 сакавіка 1959 г. Кангрэгацыя Веравучэння аб’явіла, што трэба забараніць распаўсюджванне абразоў і выданняў, звязаных з Божай міласэрнасцю ў форме, прапанаванай с. Фаўстынай. Справа ліквідацыі ўжо існуючых абразоў з’яўлялася кампетэнцыяй біскупаў.

Кангрэгацыя Веравучэння не мела намеру асудзіць набажэнства, толькі выдала забарону на распаўсюджванне абразоў і выданняў. Сястра Фаўстына прадбачыла, што набажэнства да Божай міласэрнасці чакае нейкае выпрабаванне. «Убачыла душу майго спаведніка ў вялікім цярпенні, у пакутах, агнём якіх Бог дакранаецца нямногіх душаў. Пакуты вынікалі з гэтай справы. Наступіць хвіліна, калі гэтая справа, да якой так заахвочвае Бог — як быццам будзе зусім знішчана, і ў гэты момант Бог пачне дзейнічаць з вялікай сілай, якая дасць сведчанне праўдзе. Яно будзе новым бляскам для Касцёла».

Натыфікацыя, аднак, не спыніла культу Божай міласэрнасці ў форме, прапанаванай с. Фаўстынай, нягледзячы на тое, што святары дастасаваліся да яе прадпісанняў. Абразоў у касцёлах ужо не было, а набажэнствы да Божай міласэрнасці ўжо не арганізоўваліся з шырокім размахам. Маліліся прыватна аб развіцці культу Божай міласэрнасці ва ўласцівай форме згодна з вучэннем Касцёла. Абраз застаўся ў капліцы сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (каля Кракава). Арцыбіскуп Яўген Базяк прапанаваў пакінуць абраз на сваім месцы і не забараняць вернікам маліцца, не забараняць святаў, якія адзначаліся да гэтага часу.

Аднак галоўны акцэнт у той час быў зроблены на паглыбленне набажэнства да Божай міласэрнасці з тэалагічнага боку. З гэтай мэтай у 1966, 1968, 1975, 1978 гг. былі арганізаваны сімпозіумы і кангрэсы. У гэтых сустрэчах акрамя тэолагаў навуковых каталіцкіх установаў і духоўных семінарый прымалі таксама ўдзел кардынал Стэфан Вышынскі, кардынал Караль Вайтыла і шматлікія біскупы. Было выдадзена шмат публікацый у Польшчы і за яе межамі.

 

Апрача пабожнасці вернікаў і навуковых даследаванняў істотны ўплыў на развіццё культу Божай міласэрнасці аказаў пачатак інфармацыйнага працэсу ў справе Слугі Божай с. Фаўстыны Кавальскай (21 кастрычніка 1965 г.).

15 красавіка 1978 г. Кангрэгацыя Веравучэння адмяніла натыфікацыю, зробленую Кангрэгацыяй у 1959 г.: «Разглядаючы шматлікія арыгіналы дакументаў, невядомыя ў 1955 г., дакладна прадумаўшы акалічнасці, якія змяніліся, прытрымліваючыся думкі многіх польскіх ардынарыяў, абвяшчае, што забароны, змешчаныя ў ніжэй цытаванай натыфікацыі, не з’яўляюцца ўжо актуальнымі».

Адмена Апостальскай Сталіцай забароны прапаганды набажэнства да Божай міласэрнасці ў формах, прапанаваных Слугой Божай с. Фаўстынай, а таксама абвяшчэнне Святым Айцом Янам Паўлам ІІ энцыклікі пра Божую міласэрнасць («Dives in misericordia») ад 30 лістапада 1980 г. выклікала асаблівую зацікаўленасць тэолагаў у паглыбленні тэматыкі Божай міласэрнасці. У 1981 г. быў арганізаваны сімпозіум з нагоды 50-годдзя аб’яўлення Слузе Божай с. Фаўстыне абраза Божай міласэрнасці. У межах гэтага сімпозіума кс. прафесар Ігнат Ружыцкі выступіў з дакладам на тэму «Божая Міласэрнасць. Асноўныя рысы набажэнства да Божай міласэрнасці».

Потым прайшлі тры кангрэсы на тэму Божай міласэрнасці, арганізаваныя святарамі палатынамі ў Чэнстахове з нагоды 50-годдзя смерці с. Фаўстыны.

Другім месцам, дзе вельмі дынамічна развіваўся культ Божай міласэрнасці, з’яўляецца Кракаў, а менавіта кляштар сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках.

Шырокую дзейнасць у справе развіцця культу Божай міласэрнасці праводзяць таксама сёстры з ордэна Езуса Міласэрнага, заснаванага кс. Міхалам Сапоцькам (згодна з аб’яўленнямі с. Фаўстыны). У гэтай дзейнасці прымаюць удзел навуковыя дзеячы Познані, Беластока і Гажова Вялікапольскага. Вельмі шырокую дзейнасць праводзіць таксама інстытут Божай міласэрнасці, заснаваны кс. Міхалам Сапоцькам, які ўзначальваюць айцы езуіты. Самым вялікім імпульсам да паглыблення таямніцы Божай міласэрнасці стала энцыкліка Святога Айца Яна Паўла ІІ пра Божую міласэрнасць «Dives in Misericordia». Па праўдзе кажучы, Святы Айцец не ствараў ніякіх намёкаў на тое, што датычыць справы прыватных аб’яўленняў с. Фаўстыны, але біблейскі змест энцыклікі і яе пастырскі аспект выяўляюць аўтэнтычнасць гэтых аб’яўленняў.

З анкетавання, праведзенага біскупам Эдвардам Кіселем, даведваемся, што ў 1978 г. абраз Божай міласэрнасці знаходзіўся ў 1620 касцёлах і капліцах (інфармацыя атрымана з 18 дыяцэзій). Набажэнства да Божай міласэрнасці адпраўлялася ў 826 касцёлах, а Навэнна да Божай Міласэрнасці распаўсюдзілася па 1589 месцах культу. Практыкаваліся і іншыя формы культу: дні духоўных сустрэч, начныя чуванні, перэгрынацыя абраза Божай міласэрнасці па сем’ях, пілігрымкі, адарацыі, гадзіна Міласэрнасці, гадзіна Галгофы.

 

Культ Божай міласэрнасці ў свеце:

1. Злучаныя Штаты Амерыкі — з 1941 г.;

2. Бразілія — айцы марыяне і айцы палатыны;

3. Аргенціна — з 1985 г.;

4. Пуэрта Рыка;

5. Партугалія;

6. Італія;

7. Германія — айцы палатын;

8. Францыя — айцы палатыны;

9. Англія і Ірландыя — айцы марыяне.

 

Сярод еўрапейскіх краінаў — Іспанія, Чэхаславакія, Югаславія. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза — асабліва Літва і Беларусь.

 

Азія: на Філіпінах з 1985 г. — раз у месяц радыёперадача пра Божую міласэрнасць, у 15.00 — магчымасць прымаць удзел у «Гадзіне Міласэрнасці» па радыё і тэлебачанні. У Індыі папулярнай з’яўляецца кніга «Езу, давяраю Табе», кожны год яе тыраж абнаўляецца. У Паўднёвай Карэі кніга «Езу, давяраю Табе» публікуецца з 1984 г. Католікі ў Японіі таксама ведаюць і практыкуюць культ Божай міласэрнасці. Культ Божай міласэрнасці развіваецца ў Аўстраліі, у Афрыцы гэты культ пашыраюць айцы кармеліты.

 

Гэты агляд знакаў культу Божай міласэрнасці паводле ўказанняў с. Фаўстыны выяўляе яго універсальны характар, а таксама нагадвае душпастырам пра вялікую адказнасць за духоўнае кіраўніцтва, а асабліва за глыбокае гэтага культу, каб дапамагчы сучасным вернікам карыстацца гэтым Божым дарам.

 

«Пасылаю цябе да ўсіх людзей з Маёй Міласэрнасцю». Сястра Фаўстына выканала сваё заданне. Пра гэта сведчаць наступныя факты: 18 красавіка 1993 г. — трыумфальная беатыфікацыя с. Фаўстыны ў Рыме, 30 красавіка 2000 г. — абвяшчэнне Фаўстыны Кавальскай святой. 17 жніўня 2002 г. Янам Паўлам ІІ быў асвячаны Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках у Кракаве. У гэты дзень Святы Айцец даверыў цэлы свет Божай міласэрнасці.

 

Ксёндз Міхал Сапоцька не дачакаўся гэтых радасных хвілін. Ён памёр у 1975 г., калі забарона адносна пашырэння культу была яшчэ актуальнай. Паміраў аднак са свядомасцю і з вялікім перакананнем, што гэта — Божая справа, а с. Фаўстына з’яўляецца святой. Гэтае яго перакананне яшчэ больш узмоцнілася, калі ён убачыў с. Фаустыну перад яе смерцю 2 верасня 1938 г. у бальніцы ў Прудніку. Ксёндз Міхал зайшоў у ізалятар і застаў яе ў экстазе. Яна, седзячы і адначасова амаль узнімаючыся над ложкам, была паглыблена ў малітве. Складвалася ўражанне, што гэта звышнатуральная істота. Пра свайго спаведніка с. Фаўстына скажа напрыканцы свайго жыцця: «Гэты святар — гэта вялікая душа, якая па берагі напоўнена Богам. (...) Ён пад кіраўніцтвам Божага Духа пранікнуў у таямніцу маёй душы…». Перад Хрыстом у канфесіянале знаходзіўся толькі святар: «Твой кіраўнік і Я — гэта адно, яго словы — гэта Мае словы». Вялікі акцэнт Хрыстус робіць на паслухмянасць, асцерагае, каб яна нічога не ўкрывала ад спаведніка. Так развіваўся духоўны дыялог паміж Хрыстом, спаведнікам і Фаўстынай. Напрыканцы жыцця Фаўстыны наступае своеасаблівы падзел роляў: яна жыве і пакутуе патаемна, моліцца і сузірае перададзеныя праўды, а кс. Міхал Сапоцька пашырае культ Божай міласэрнасці.

 

.

 

Пісьмо Езуса Міласэрнага да моладзі Мядзельскага дэканата

 

«Я хачу, каб было ўстаноўлена свята Міласэрнасці. Я хачу, каб абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля Вялікадня. Гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці. Я хачу, каб святары прапаведвалі пра Маю вялікую міласэрнасць да грэшных душаў. Няхай грэшнік не баіцца прыблізіцца да Мяне. Мяне паліць агонь міласэрнасці. Я хачу выліць яго на душы людзей».

«Абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю ёй таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, а асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду абараняць яе як сваю хвалу».

«Я моцна жадаю, каб свята Міласэрнасці было выратаваннем і прытулкам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адчынены ўсе глыбіні Маёй Міласэрнасці, я праліваю цэлае мора ласкаў на душы, якія набліжаюцца да крыніцы Міласэрнасці Маёй...».

« Я горача жадаю, каб увесь свет спазнаў Міласэрнасць Маю; невымерныя ласкі Я жадаю ўдзяляць душам, якія давяраюць сябе Маёй Міласэрнасці».

«Сваёю міласэрнасцю Я пераследую грэшнікаў на ўсіх шляхах іх, і радуецца Маё Сэрца, калі яны вяртаюцца да Мяне. Я забываю пра горыч, якою яны паілі Маё Сэрца, і радуюся іх вяртанню.»

«А трэцяй гадзіне малі аб Маёй Міласэрнасці, асабліва для грэшнікаў, і хаця б на кароткі час паглыбляйся ў Маю муку, асабліва — у Маю самоту ў хвіліну смерці. Гэта гадзіна вялікай Міласэрнасці для ўсяго свету, у гэтую гадзіну Я не адмоўлю нічога той душы, якая Мяне просіць праз Муку Маю».

«Праз гэты Вяночак ты выпрасіш усё, калі тое, аб чым просіш, будзе згодна з Маёю воляю».

«Дачка Мая, заахвочвай душы маліцца гэты Вяночак, бо спадабалася Мне даць усё, аб чым прасіць Мяне будуць.»

«Калі ты скрушаным сэрцам і вераю памолішся гэтую малітву ( Вяночак ) за якога-небудзь грэшніка, Я дам яму ласку навяртання».

«Святары будуць даваць (Вяночак) грэшнікам як апошнюю надзею; нават калі будзе найбольш закаранелы грэшнік і ён хоць раз памоліцца гэты Вяночак, то атрымае ласку з бязмежнай Міласэрнасці Маёй.

« Мне асабліва падабаецца душа, якая даверылася Маёй дабрыні. Напішы, што калі гэты Вяночак будуць маліцца пры паміраючых, Я стану паміж Айцом і паміраючай душою не як справядлівы Суддзя, але як міласэрны Збаўца».

«Напішы, што ў адносінах да грэшнікаў Я больш шчодры, чым ў адносінах да справядлівых.»

 “Дзеля грэшнікаў я праліў Кроў, няхай жа яны не баяцца наблізіцца да Мяне, бо ім найбольш патрэбна Мая Міласэрнасць”.

« Напішы, што Я прамаўляю да іх праз дакоры сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз буры і перуны, прамаўляю праз голас Касцёла, але калі яны Мае ласкі робяць дарэмнымі, пачынаю гневацца на іх, пакідаю іх на волю лёсу, даю ім тое, чаго прагнуць».

«Чалавецтва не знойдзе супакою, пакуль з даверам не звернецца да Маёй Міласэрнасці».

( Вытрымкі з “Дзённіка” Святой сястры Фаўстыны )

 

 


Дата добавления: 2023-02-21; просмотров: 19; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:




Мы поможем в написании ваших работ!