Грамадскае пачуцьцё бездапаможнасьці
Ці можна перанесьці вынікі працы Селігмана і ягоных калегаў, іх рэкамендацыі з асобнага чалавека на грамадства ўвогуле? Відавочна, што магчыма.
Даволі часта можна пачуць думку, што беларусы не актыўныя сацыяльна, культурна… І гэтаму ёсць тлумачэньне. Шматлікія войны апошніх чатырох стагоддзяў, уціск з розных бакоў на працягу гэтага часу спрыялі таму, што беларусам прышчэплены рэфлекс вывучанай бездапаможнасьці. Вядома, што ўвесь народ адразу не здольны пазбавіцца ад гэтага. Таму з гэтым павінны працаваць грамадскія і культурныя дзеячы, заангажаваныя ў культуру і сацыяльную дапамогу людзі. А ім самім катастрафічна бракуе перамог. Ім варта фіксаваць любыя свае посьпехі. Наш дапаможнік – гэта таксама запіс нашых дасягненьняў, які мы самі і перадаем як досьвед чытачам. У якасці яшчэ аднаго прыкладу, можна прывесьці і платформу "Імёны", якая публікуе свае перамогі ў сацыяльнай дзейнасьці.
Публічная фіксацыя канкрэтных перамог паспрыяе грамадскай актывізацыі. Дазволіць іншым людзям убачыць, што зроблена, хто рабіў, як ацаніць гэта, паразважаць над гэтым. І тады непазьбежна з’явіцца зваротная сувязь, а гэта будзе больш умацоўваць еднасць народу.
Каб было што фіксаваць, неабходна нешта рабіць. І тут не трэба імкнуцца адразу ж кардынальна нешта змяніць. Пакуль няма еднасьці і супрацы, усе высілкі, скіраваныя на глабальныя мэты – марныя. Толькі дробнымі крокамі грамадскія і культурныя дзеячы, заангажаваныя ў культуру і сацыяльную дапамогу людзі здолеюць нечага дамагчыся і знайсці сувязь з іншымі людзьмі. Таму ім лепей рабіць вельмі канкрэтныя ўчынкі і шукаць як паяднацца. І разам мы пабудуем сабе Дом, у якім усім нам будзе ўтульна жыць.
|
|
Памятайце, у сабакаў Селігмана не было выбару. У нас ён ёсць! Выбірайма актыўную волю.
Уладзімір Яначкін
Якую мову вучыць у дзіцячым садку?
Білінгвізм - здольнасць людзей выказвацца на дзьвух мовах, такіх называюць білінгвамі, болей моваў - палілінгвамі, больш за 6 моваў - паліглотамі.
Білінгвам можа стаць дзіця, якое з самага нараджэння чуе дзьве мовы. Існуюць розныя віды білінгвізму, але мы будзем разглядаць актуальныя для беларусаў: бацькі размаўляюць на мове, якой няма ў асяроддзі, альбо кожны з бацькоў размаўляе на сваёй мове. У любым выпадку дзіця будзе валодаць дзьвюма мовамі ў аднолькавай прапорцыі. Для яго дадзеная сітуацыя будзе натуральнай і вывучэнне моў не выкліча цяжкасцяў.
У свеце шмат краінаў, дзе білінгвізм - гэта абсалютная будзёнасць жыцця: Швейцарыя, Парагвай, краіны Паўднёвая Амерыкі. Нават у краінах, дзе няма сітуацыі дзьвюхмоў'я часта адмыслова наймаюцца няні, якія валодаюць іншай мовай і такім чынам дзіця з нараджэння становіцца білінгвам.
|
|
Няма небяспекі ў тым, каб чуць з нараджэння дзьве мовы, няхай дзеці білінгвы могуць пазней пачаць размаўляць, але як толькі працэс пачаўся - размовы будуць ісці на кожнай мове. Прычым, дзіця адначасова пачынае размаўляць, пісаць і лёгка адрознівае лексіку і граматыку ў дзьвюх мовах.
Бацькі такіх дзетак не павінны пераходзіць на розныя мовы, інакш ёсць верагоднасць, што дзіця пачне змешваць мовы і пачнецца блытаніна.
Ад беларускіх бацькоў можна пачуць хваляванні кшталту: дзіця будзе чуць ад маці адну мову, ад таткі іншую і атаясамліваць усю дзейнасць маці з ейнай мовай, і наадварот. Гэта не так! Мозг мае нейкія магічныя здольнасці вывучаць аднолькава дзьве мовы. Слоўнікавы запас дзетак білінгваў непараўнальна большы за запас моналінгваў.
Ад загадчыцаў гомельскіх дзіцячых садкоў у прыватных размовах даводзілася чуць, што дзеці ледзь рускую мову вывучаюць і так званыя "беларускія дні" не варта праводзіць часцей за раз на тыдзень.
Канешне, у такіх дзяцей могуць быць жартаўлівыя словы, калі яны будуць змешваць дзьве мовы, але з улікам, што руская і беларуская даволі падобныя па граматыцы, такія сітуацыі будуць мець больш кур'ёзны характар. Калі білінгв вывучае англійскую і рускую, то можа блытаць суфіксы ці дадаваць іх, блытаць канчаткі. Гэта не страшна, бо трэба памятаць, што моналінгвы таксама робяць памылкі, а з цягам часу дзіця разбярэцца, але здольнасці да вывучэння іншых моў ужо будуць закладзеныя з маленства.
|
|
Акрамя валодання дзьвюма мовамі, у адрозненні ад моналінгваў, білінгв будзе мець талент да вывучэння іншых замежных моваў і лёгка можа стаць палілінгвам. Ад самага нараджэння ягоныя кагнітыўныя здольнасці фармаваліся ў іншым рэжыме. Даследванні паказалі, што такія дзеці хутчэй прымаюць рашэнні, хутка адаптоўваюцца да абставінаў і меней хварэюць на Альцгеймер у сталым узросце.
Шляхетныя беларускія сем'і валодалі некалькімі мовамі, гэтая традыцыя была шырока распаўсюджана і ў Расіі, але з часам вывучэнне мовы аддалі школе, куды дзіця ўжо прыходзіць сфармаваным у моўным плане і не можа стаць білінгвам. Здольнасць засвойваць мовы ў натуральным асяроддзі захоўваецца толькі да сямі год. Далей мовы насаджаюцца, вывучаюцца і нават за 11 год не ўсе беларускія школы могуць выпусціць дзяцей, якія могуць стасавацца на замежнай мове, кажу як настаўнік англійскай мовы.
|
|
Калі адказаць на пытанне, ці з'яўляюцца беларускія дзеці білінгвамі, трэба ведаць у якой прапорцыі дзіця чуе дзьве дзяржаўныя мовы. Калі ў дзіцячым садку прысутнічаюць адна і другая мовы ў аднолькавай ступені, тады, безумоўна, такія дзеткі будуць мець дадатковыя здольнасці і лёгка вывучаць іншыя мовы.
Звычайна ў дзяцей білінгваў існуе шматкампанентная ідэнтычнасць, яны не кажуць, што належаць да адной культуры, яны нясуць дзьве культуры, якія для іх аднолькава блізкія. Натуральна, яны бароняць абедзьве мовы, валодаюць традыцыямі і гісторыяй.
Ці ёсць шанец, што беларускія дзеці будуць білінгвамі? Яны будуць лёгка вывучаць мовы, прымаць рашэнні, мець развітае абстрактнае мысленне, несці натуральную талерантнасць. Дзеля гэтага ва ўстановах, перадусім дашкольнай адукацыі, павінны прысутнічаць у роўнай ступені дзьве мовы: беларуская і руская.
Алеся Аўласевіч
Чаму варта аддаць дзіця ў беларускі клас?
1. Найперш, каб дзіця пачула беларускую мову, бо мала ад каго могуць пачуць маленькія беларусы родную мову. А менавіта ў маленстве пачынаюць фармавацца чалавечыя каштоўнасці. Навучыць шанаваць і любіць сваё - вось мэта бацькоў усіх краін свету. Наша не выключэнне.
2. Сучасныя даследаванні выявілі, што ў білінгваў выпрацоўваецца больш шэрага рэчыва ў ніжняй частцы цемянной вобласці кары галаўнога мозгу. Менавіта яно адказвае за аналіз інфармацыі. Дзецям-білінгвам значна лепш даецца вучоба - хаця б таму, што яны з ранняга дзяцінства ўсведамляюць, што іх здольнасці дазволілі ім вывучыць другую мову, значыць, і з навучаннем чамусьці іншаму не павінна ўзнікнуць праблем. Больш за тое, веданне некалькіх моў пашырае межы свядомасці і ўспрымання, павялічвае магчымасці зносін, разуменне іншых культур, а таксама фармуе задаткі аналітычнага мыслення.
3. Задумайцеся: у сучасным беларускім грамадстве вашае дзіця рускай мове навучыцца ў любым выпадку. А ці зможа навучыцца беларускай? І хто, як не вы, мусіце гэтаму паспрыяць?
4. За вас у свой час зрабілі выбар, на якой мове размаўляць. Ды што там казаць, за вас амаль кожны дзень нехта робіць выбар. Ці хочаце вы такой будучыні для нашчадкаў? Аддаючы свайго дзіцяці ў клас з рускай мовай выкладання, вы, у некаторым сэнсе, не пакідаеце яму ніякага выбару.
5. Зрабіце вашае дзіця адметным! Таксама зрабіце адметнымі яго першыя словы і ўражанні, першыя падзеі. Тады і вашае жыццё пачне адрознівацца ад жыцця іншых бацькоў. "Размалюйце" паўсядзённасць вясёлкавымі моўнымі "фарбамі".
6. Самы якасны прадукт робіцца зараз па-беларуску: гэта і самая дарагая рэклама на беларускім рынку (Samsung, Panasonic, Indesit, Velcom і г.д.), і сапраўдны рок у Беларусі - беларускамоўны.
7. Беларуская мова - гэта модная, сучасная, перспектыўная штодзённая неабходнасць, мова эліты! Беларуская мова - мова будучыні!
Марына Драбышэўская
Дата добавления: 2018-02-15; просмотров: 597; Мы поможем в написании вашей работы! |
Мы поможем в написании ваших работ!