Пра Кандрата Крапіву створаны дакументальны фільм «Кандрат Крапіва» (1983, рэж. М. Купеева).

Народны пісьменнік Беларусі (1956), Герой Сацыялістычнай Працы (1975), Акадэмік АН БССР (1950), Доктар філалагічных навук (1953), Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў земскім народным вучылішчы ў вёсцы Мнішаны Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер у Валожынскім раёне Мінскай вобласці). Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 года скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.

У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), старшынёй ВС БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Памёр 7 студзеня 1991, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

ТВОРЧАСЦЬ

Яго першы друкаваны твор, фельетон у вершах «Жылі-былі», быў апублікаваны ў газеце «Красноармейская правда» у 1922 годзе. Першы твор Крапівы на беларускай мове — сатырычны верш «Сваты» — з’явіўся ў газеце «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года.  Да гэтага часу ён паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны, і камандзірам РСЧА. І вось цяпер ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, уладкоўваючы яе дзейсным словам сатыры. Сатырычная накіраванасць, востры гумар, актуальнасць, выразная класавая пазіцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў.

Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Вершаваныя фельетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часцей з’яўляюцца на старонках беларускіх газет і часопісаў пад гэтым псеўданімам. Неўзабаве ён робіцца майстрам камедыйнага жанру, яго п’есы «Хто смяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» ідуць па ўсёй краіне, па іх здымаюцца кінафільмы. На працягу ўсяго свайго творчага жыцця Кандрат Крапіва, шчодра адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, званнямі і прэміямі, будзе яшчэ не раз, адрываючыся ад «высокіх» акадэмічных спраў і грамадскіх заняткаў, вяртацца да жанру сваёй маладосці — байкі.

У ранні перыяд сваёй літаратурнай творчасці Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым кірунку яго асноўным жанрам стаў сатырычны аповед. Ён высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я гады антырэлігійную, а таксама міжнародную тэмы.

Байкі, як і сатырычныя вершы, з’яўляюцца пад уражаннем нейкіх фактаў, падзей, канкрэтных прычын. Часта яны і паміраюць разам з тым часам, у якім нарадзіліся. Лепшыя байкі Кандрата Крапівы перажылі свой час. Кандрат Крапіва асабліва плённа працаваў у жанры байкі з сярэдзіны 1920-х гадоў. Ён стварыў у беларускай літаратуры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Выразнасці маўлення Крапіва дасягае ўжываннем разгорнутых метафар, стварэннем метафарычнага кантэксту на аснове папярэдняга параўнання (байка «Жаба ў каляіне») ці на вобразнай аснове фразеалагізма.

У сацыяльна-бытавым рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) аўтар паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэтычныя і празаічныя творы К. Крапівы насычаны дасціпным, часам грубаватым народным гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам.

3 1933 года найбольшую ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. Крапівы ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Першым яго драматычным творам была псіхалагічная драма «Канец дружбы», у якой падымаліся складаныя маральна-этычныя праблемы, падзеі п’есы адбываюцца ў перыяд калектывізацыі. Драма «Партызаны» (паст. 1937) пра грамадзянскую вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «3 народам» (паст. 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. 1958) паказваецца гераізм, самаахвярнасць людзей у Вялікую Айчынную вайну, даецца глыбокі аналіз сацыяльных і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваеннае жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. 1950), праблемы жыхароў горада ўзнімаюцца ў п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. 1983). Вяршыні драматургічнай творчасці Кандрата Крапівы — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. 1939), «Мілы чалавек» (паст. 1945), «Брама неўміручасці» (паст. 1974), скіраваныя супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм.

Працаваў таксама ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Кандрат Крапіва рашуча асуджае тых, хто стараецца прынізіць беларускую мову, хто не верыць у яе выяўленчыя магчымасці. Аўтар канстатуе, што культура кожнага народа можа паспяхова развівацца толькі на яго роднай мове.

Нават у сталым узросце не пераставаў тварыць, апошні твор — меладрама «На вастрыі» — быў напісаны ва ўзросце 86 гадоў у 1982 годзе.

Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы свету. Сам пісьменнік шырока вядомы як перакладчык рускай і замежнай класікі. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя працы Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзіміра Леніна, творы Уільяма Шэкспіра, Дзяніса Фанвізіна, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага, Антона Чэхава, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Тараса Шаўчэнкі і іншых.

УЗНАГАРОДЫ

Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 за п’есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 за п’есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу «Брама неўміручасці».

ПАМЯЦЬ

Пра Кандрата Крапіву створаны дакументальны фільм «Кандрат Крапіва» (1983, рэж. М. Купеева).

У гонар Кандрата Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2.

У Мінску на доме № 76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.

У 1996 годзе ў гонар Кандрата Крапівы ў Беларусі выпушчана паштовая марка

Імя Кандрата Крапівы носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе.


Дата добавления: 2021-04-15; просмотров: 120; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:




Мы поможем в написании ваших работ!