Агульная характарыстыка асобных этапаў работы над музычным творам



Творчы працэс музыканта на працягу работы над музычным творам распадаецца на шэраг этапаў, для кожнага з якіх характэрны свой змест, мэта, тэхналогія. Розныя даследчыкі вылучаюць розную колькасць такіх этапаў, але мы спынімся на пазіцыі вядомага расійскага піяніста і педагога С.Саўшынскага, які аналізуе пяць асноўных этапаў: азнаямленне з творам, яго развучванне, этап тэхнічнага авалодання музычным тэкстам, перад канцэртны перыяд і канцэртнае выступленне, паўтарэнне і захаванне твору ў рэпертуары.

Хаця сёння пачынаць знаёмства са многімі творамі магчыма праз іх праслухоўванне ў запісу, метадысты не рэкамендуюць гэты спосаб, таму, што ён супярэчыць патрабаванню непасрэднага ўспрымання, як асноўнай мэты першага этапу. Менавіта на першым этапе пачынаецца фарміраванне папярэдняй выканальніцкай задумы, яго значэнне немагчыма пераацаніць. Тыя вобразы, якія нараджаюцца пры першым прайграванні будуць свайго роду пуцяводнай зоркай ва ўсёй далейшай рабоце над творам. Такім чынам, на першым этапе складаецца рабочая гіпотэза будучай выканальніцкай трактоўкі. Менавіта яна накіроўвае і дае магчымасць арыентавацца ў бязмежным мностве фактаў, якія то ўстаюць стыхійна, то адбіраюцца самім выканаўцам для падрабязнага вывучэння. “Калі на першай стадыі не выкрысталізоўваецца жыццёвы вобраз музычнага твору, — піша С.Саўшынскі, — то ўся далейшая над ім работа будзе весціся ўсляпую” 1. І далей падкрэслівае, што пры першым прайграванні твору небяспечным з’яўляецца як дылетанцкая нядбайнасць, так і скрупулёзнае ўгляданне ў дробныя дэталі тэксту. Хаця па гэтаму пытанню існуе шмат супрацьлеглых думак, усё ж, падаецца, што пры першым знаёмстве з тэкстам лепей іграць яго ў сапраўдным тэмпе, пабудаваць агульны эскіз будучага музычнага працэсу.

Далей ідзе этап, які можна адзначыць як выграванне, для якога твор неабходна прайграць некалькі разоў (ад трох да дзесяці, гэта залежыць ад складанасці музычнага тэксту, ад выканальніцкага вопыту музыканта). На гэтай стадыі гіпотэза “абрастае” падрабязнасцямі, вылучаюцца многія дэталі, якія адразу немагчыма было ўбачыць, іншымі словамі, на падставе эскіза ўзводзяцца рыштаванні для далейшай пабудовы музычнага твору.

Калі на першым этапе выканаўца вырашаў, што ў творы галоўнае і як гэта зафіксавана ў нотным тэксце, то на другім галоўнае — як гэта гучыць.

На этапе выгравання выканаўца ўдумваецца і ўжываецца ў твор, пранікаецца ім. Яно становіцца яго неад’емнай часткай яго творчага жыцця. Выканаўца не толькі асвойвае, але прысвойвае музычны твор, робіць яго сваім, як быццам бы ён, а не кампазітар стварыў яго. Выканаўца за гэты кароткі час ўлюбляецца ў твор і пачынае адчуваць неадольную цягу да яго.

Наступны этап — тэхнічная работа над творам. Гэта час варыянтнай тэхнічнай работы над рознымі эпізодамі, часцей ўсяго работа ў павольных тэмпах, якія значна адступаюць ад сапраўдных. Фактычна работа на гэтым этапе заснавана на прынцыпе рознастаронняга паўтарэння асобных эпізодаў, як вялікіх (фразы, музычныя сказы, структурныя раздзелы формы), так і дробных (пасажы, скачкі, упрыгожванні). Мэта паўтарэння мяняецца ў залежнасці ад таго, ці стаіць ў цэнтры ўвагі задача мастацкага плану (артыкуляцыя, фразіроўка, эмацыянальны тонус), альбо тэхнічная (каардынацыя рухаў, лагічнае асэнсаванне, свядомасць групоўкі). Задачу гэтага этапу вобразна адлюстраваў вялікі Бузоні, які гаварыў аб тым, што неабходна “прыстасаваць цяжкасці да сваіх здольнасцей”. Далей, калі твор разложаны на састаўныя часткі, неабходна зноў сабраць яе ў адно цэлае. Паколькі эмацыянальны тонус і той каларыт, якія былі створаны на першых этапах, на гэтым этапе разбураюцца, лепей паралельна з работай па асобных частках паўтараць твор цалкам, ў належных тэмпах і характары. Пры гэтым трэба імкнуцца аднавіць тое эмацыянальнае пачуццё ад твору, якое з’явілася пры на першым этапе пры знаёмстве з ім.

Заўважым, што вельмі карысна на этапе тэхнічнага авалодання тэкстам іграць асобныя эпізоды ў разным парадку. Такі прыём актывізуе свядомасць і дае магчымасць ў далейшым спакойна, без хваляванняў пачынаць твор з любога эпізоду, што можа спатрэбіцца пад час канцэртнага выканання, калі вучань знянацку памыліцца. (Вельмі важны этап перад канцэртнай і канцэртнай падрыхтоўкі будзе разгледжаны асобна ў раздзеле 3.3).

Фарміраванне выканальніцкіх навыкаў і ўменняў — складаны працэс, які патрабуе доўгага часу і пільных сумесных намаганняў выкладчыка і вучня. Гэты працэс ідзе хутчэй, калі канцэртная дзейнасць ў гэтым працэсе не з’яўляецца выпадковай, не вядзецца ад справаздачы да справаздачы, а становіцца адной з прывыклых форм работы. Канцэртная дзейнасць на любым этапе развіцця музыканта патрабуе нейкага рэпертуарнага запасу. Менавіта таму, рэпертуарны багаж вучня павінен складацца па большасці з твораў, якія ўжо прайшлі праверку на эстрадзе.

Трэба паматаць, што канцэртным паказам работа над музычным творам не заканчваецца. Наступае наступны этап — захавання і паўтарэння, які фактычна заключаецца ў кансервацыі твораў, падрыхтаваных на ўзроўні канцэртнага выступлення. Для фарміравання рэпертуарнага багажу неабходна не радзей, чым раз ў 2—3 тыдні, паўтараць творы, якія пажадана захаваць ў рэпертуары. Пры такіх паўтарэннях трэба сыграць твор “ ў канцэртным варыянце”, а потым, абавязкова ўзяўшы ноты, сыграць яго ў павольным тэмпе, эмацыянальна індыферэнтна. Такі спосаб дазволіць “закансерваваць” твор ва ўсіх дробных падрабязнасцях, захаваўшы пры гэтым свежасць пачуццяў і эмацыянальнае хваляванне, вызванае яго вобразамі.


Дата добавления: 2015-12-21; просмотров: 120; Мы поможем в написании вашей работы!

Поделиться с друзьями:






Мы поможем в написании ваших работ!